100 подпісаў за адмену аўтамабільнай пошліны і адстаўку ўрада сабралі на працягу гадзіны ў цэнтры Мінска лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка.

Палітыкі праводзілі збор подпісаў 5 студзеня ад 12 да 13 гадзін на плошчы Якуба Коласа і ў раёне Камароўскага рынку. За гэтым працэсам назірала беспрэцэдэнтная колькасць супрацоўнікаў міліцыі і спецслужбаў, якія, аднак, не перашкаджалі. Не менш за дзесяць чалавек у цывільным увесь час суправаджалі Лябедзьку і Карняенку, частка з іх бесперапынна вялі відэаздымку, а на прылеглых вуліцах дзяжурылі машыны ДАІ і знаходзілася некалькі міліцэйскіх аўтобусаў.

«Улады правялі сапраўдную спецаперацыю па назіранні за зборам подпісаў. Напэўна, без міліцыі і камер людзі б больш актыўна ставілі свае подпісы. Але нават у такіх умовах утвараліся невялікія чэргі жадаючых падпісацца, прычым падпісваліся не толькі мінчане, але і жыхары іншых гарадоў Беларусі. Гэта кажа аб тым, што праблема тычыцца не толькі сталіцы, але і ўсёй Беларусі», — сказаў Лябедзька.

Ён таксама паведаміў, што збор подпісаў за адмену пошліны праводзіцца ўжо ў трэці раз. Таму за ўсё ўжо сабрана некалькі тысяч подпісаў.

Як паведаміў Карняенка, пакуль не ставіцца мэта сабраць, да прыкладу, мільён подпісаў. «Гэта, хутчэй, дэманстрацыйная, сімвалічная акцыя з мэтай паказаць, што людзі не баяцца адкрыта выказваць нязгоду з дзеяннямі ўладаў», — сказаў ён.

Рашэнне ўвесці з 2014 года пошліну за допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху было прынята ў снежні. Памер пошліны складае ад 3 да 25 базавых велічынь (цяпер ад 390 тыс. да 3 млн. 250 тыс. рублёў), у тым ліку для фізічных асоб на легкавыя аўтамабілі — ад 3 да 10 базавых велічынь (ад 390 тыс. да 1,3 млн.). Прадугледжана самастойная выплата пошліны да моманту праходжання тэхагляду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?