Валютная выручка Беларусі ў студзені—лістападзе 2013 года скарацілася на 6 млрд. 798,8 млн. даляраў у параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года.

За ўказаны перыяд валютная выручка Беларусі склала 39,88 млрд. даляраў і паменшылася ў параўнанні са студзенем—лістападам 2012 года амаль на 15%.

У тым ліку паступленні ад экспарту тавараў склалі 32,54 млрд. даляраў і знізіліся амаль на 20% (ці 7,87 млрд. даляраў) у параўнанні са студзенем—лістападам 2012 года.

Валютныя паступленні ад экспарту паслуг склаліся ў студзені—лістападзе на ўзроўні 6,05 млрд. даляраў і павялічыліся на 16,8% (870,8 млн. даляраў) у параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года. Выручка ад унутранага гандлю за валюту склала 632,5 млн. даляраў і павялічылася ў параўнанні са студзенем—лістападам 2012 года на 6,3%.

Варта адзначыць, што летась у выніку зніжэння экспарту тавараў валютная выручка Беларусі скарачалася на працягу ўсяго года, у тым ліку і ў апошнія месяцы.

Так, калі ў студзені—жніўні аб`ём валютнай выручкі Беларусі адставаў ад узроўню за аналагічны перыяд 2012 года на 6 млрд. даляраў, то ў студзені—кастрычніку — на 6,5 млрд. даляраў, і паводле даных за студзень—лістапад разрыў дасягнуў вышэйзгаданых 6,8 млрд. даляраў.

Як паведамлялася раней, летась назіралася значнае зніжэнне беларускага таварнага экспарту. Так, у студзені—лістападзе таварны экспарт Беларусі, паводле папярэдніх даных Белстата, склаў 34 млрд. 89,5 млн. даляраў і знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года больш як на 8,5 млрд. даляраў.

Міністэрства эканомікі тлумачыць зніжэнне беларускага экспарту памяншэннем знешняга попыту на беларускую прадукцыю.

«Складанасці з рэалізацыяй айчыннай прадукцыі ва ўмовах націску асноўных экспартных рынкаў, а таксама выцясненне беларускіх вытворцаў інвестыцыйных тавараў з традыцыйных рынкаў збыту прывялі да нізкіх паказчыкаў экспарту», — канстатавалі раней спецыялісты Мінэканомікі ў сваіх штомесячных аглядах.

Варта адзначыць, што скарачэнне беларускага экспарту ў студзені—лістападзе ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года абумоўлена таксама практычна поўным спыненнем паставак на знешнія рынкі растваральнікаў і змазачных матэрыялаў.

Нагадаем, Беларусь у жніўні 2012 года практычна поўнасцю спыніла экспарт растваральнікаў і змазачных матэрыялаў. На гэты крок кіраўніцтва краіны пайшло па патрабаванні Расіі, якая стала падазраваць, што Беларусь пад выглядам растваральнікаў і змазачных матэрыялаў пастаўляе на знешнія рынкі нафтапрадукты, што дазваляла рэспубліцы не пералічваць пошліны ў расійскі бюджэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?