Gods Tower заўжды пазыцыянавалі сябе, як беларуская каманда, хоць песьні мелі выключна на ангельскай мове. «Людзі на балоце» зьявілася ў іх рэпэртуары ў 2012 годе. Гэта быў пераклад песьні «People in the Swamp», які зрабіла Ганна Аўчыньнікава. «Ганна зрабіла такі пераклад, які было проста немагчыма абмінуць увагаю, — прызнаецца лідэр гурта Лэсьлі Найф. — Гэта выключная заслуга перакладчыцы, самі мы адмыслова не зрабілі б такога, бо ня маем досьведу».

У сваёй дэбютнай песьні па-беларуску гурт закранае сур’ёзную праблему. «У ёй вядзецца пра тое, што беларусаў як нацыі папросту не існуе. Калі гэта ня так, можаце мяне абвергнуць.

Пакуль што нацыяй можна назваць украінцаў — ані беларускія, ані тым больш расейцы нацыямі не зьяўляюцца. Грамадзянскай самасьвядомасьці ня маюць, толькі бы жэрці было чаго», — разважае Лэсьлі.

Але няўжо зусім няма падставаў для аптымізму? «Нельга адмаўляць праўду, трэба зрабіць так, каб яна сыйшла ў нябыцьцё. Пакуль што гэта робяць адзінкі.

Нацыя? Саньнікаў, Дашкевіч, Пазьняк — гэта нацыя.

Астатняе альбо расьпіл грантаў, альбо прыстасавальніцтва. У гэтай песьні мы пра большасьць кажам, а яны ўсе патанулі. А хочаце аптымізму — дык вось вам «Ляпіс». Калі ўсе пра аптымізм сьпяваць будуць, дык гэта будзе БТ».

Лэсьлі кажа, што

пра працяг беларускамоўнай творчасьці Gods Tower казаць пакуль заўчасна, але сумневу няма — калі зьявіцца годны тэкст, музыкі абавязкова возьмуць яго да выкананьня.

10 студзеня на Tuzin.fm стартуе шосты тур аўдыё-чарта. Трэк «Людзі на балоце» возьме ў ім удзел.

 

Gods Tower — Людзі на балоце (музыка гурта, словы Лэсьлі Найфа, пераклад на беларускую — Ганна Аўчыньнікава).


У тым самотным краі,
Дзе змоўкне вецер, дзе ня пройдзе шлях,
Дзе дрэвы паміраюць, —
Няма надзеі з воляю ў вачах.
Паміж пустэльняў — багна,
Дзе кожны цягне свой уласны горб,
Сапраўдны край маўчаньня —
Балота і насельніцтва яго…

Між дрэў пахілых, мокрых
Надзеі з воляй не здабыў ніхто.
Жыцьцё, нібы акторка,
Што ў залі гіне, змрочнай і пустой.
Карчамі ў плыні соннай
Сабе плывуць бязвольна проста ўніз,
За дах, за хлеб надзённы —
Што ж трэба тым, хто вырас у хлусьні?

Між дзьвюх пустэльняў — багна,
І ўласны горб тут цягне кожны з нас
Як стаць на штосьці вартым,
Калі ідзеш па купінах увесь час?
У вечным недаверы:
Сусед пільнуе, каб забраць твой дом,
Пад сонцам здрады шэрым
Глынае багна нас усіх жыўцом…

Сапраўдны край маўчаньня —
Балотны край з насельніцтвам сваім.
Адмовіўшы змаганьне,
Ці ж ты, як корч, ня стаў зусім глухім?
Казаць далей ня варта.
За «дабрабыт» прадаў свой дух дарма.
І час прамовіць праўду:
Жывы тапелец, шанцаў больш няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?