У ганчанскіх сялянаў няшмат магчымасцяў атрымаць працу і добры заробак: гаспадарку тут ліквідавалі, засталіся толькі лясгас, торфапрадпрыемства і школа. Таму самыя прадпрымальныя аб’ядналіся ў кампанію, якая на адпрацаваных тарфяных палях вырошчвае журавіны.

Гэтую справу пачаў яшчэ ў 1990‑ыя гады Аляксей Несцярэнка, настаўнік музыкі. Цяпер ён кажа, што спрацавала інтуіцыя — сёння журавіны даюць магчымасць зарабіць на жыццё яму і дзесятку калегаў па таварыству.

Праўда, за гэтым стаіць вялікая праца і выдаткі. Першаадкрывальнікам давялося набываць пасадачны матэрыял, саджаць журавіны маленькімі чаранкамі і палоць іх, а потым змагацца з марозам і спякотай. Але дапамагла прырода: малады бярозавік абараніў журавіны ад сонца і халадоў, а бабры зрабілі плаціну, якая забяспечыла плантацыі вільгаццю.

Цяпер буйнаплодныя журавіны выспяваюць у натуральным балоце. Гэта незвычайна вялікія, сакавітыя чырвона‑ружовыя ягады. Яны экалагічна чыстыя — тут няма ўгнаенняў і іншай хіміі, а таксама і свабодныя ад радыёнуклідаў — верхні слой глебы на плантацыях спярша знялі, а ўжо потым высаджвалі журавіны.

З кожнай соткі цяпер атрымліваюць 50 кілаграм журавінаў, а ў перспектыве павінна быць яшчэ болей.

Сёння пад журавіннымі плантацыямі заняты 4 гектары леса, яшчэ 3 гектары свабодныя для новых сябраў таварыства. Усе вяскоўцы, якія хочуць далучыцца, запрашаюцца. З кожнай соткі цяпер атрымліваюць 50 кілаграм журавінаў, а ў перспектыве павінна быць яшчэ болей.

Напрыклад, адзін з гаспадароў Іван Пархамовіч, які мае участак у 10 сотак, ужо здаў паўтоны журавінаў. Спажывецкая кааперацыя сёлета плаціць 4 тысячы за кілаграм ягад. Такім чынам, ён зарабіў 2 мільёны рублёў — нядрэнны дадатак да сямейнага бюджэту. І сезон збору ўраджаю яшчэ не завершаны.

Клічаўшчына вядомы як край лясоў і балотаў, і чаму б тут не выкарыстаць прыродныя, натуральныя ўмовы для вырошчвання смачных і карысных для здароўя журавінаў? Плантатары з Ганчанскага лічаць, што гэты бізнес можа стаць перспектывай для іх пасёлка.

— Мы ў стане стварыць новыя працоўныя месцы, — упэўнены лідар таварыства Аляксей Несцярэнка. — Яшчэ іншыя адпрацаваныя тарфянікі можна засадзіць журавінамі. Патрэбна толькі праца і ўпартасць — вынік будзе. Журавінамі можна зарабіць і сабе на жыццё, і на развіцццё пасёлка Ганчанскі.

Сяргей Гутарэвіч, BulletinOnline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0