Былыя гульцы Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі на чале з Дэнісам Родманам правялі матч са зборнай Паўночнай Карэі. Пра гэта паведамляе ESPN.
Сустрэча, якая прайшла ў Пхеньяне, была прымеркавана да дня нараджэння паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына, з якім Родман у сяброўскіх стасунках. На матч прыйшлі 14 тысяч гледачоў. Першая палова матчу завяршылася на карысць каманды КНДР з лікам 47:39. Пасля перапынку гульня пайшла ў змешаных складах.
Акрамя былога гульца «Чыкага» ў матчы прынялі ўдзел Даг Крысці, Крэйг Ходжс і Чарлз Сміт, а таксама ўдзельнікі Матчаў усіх зорак Кені Андэрсан, Кліф Робінсан і Він Бэйкер.
Пасля заканчэння матчу Дэніс Родман праспяваў песню для Кім Чэн Ына і павіншаваў палітыка з днём нараджэння.