13 студзеня аматараў беларускай мовы чакае выбар: пайсці на новыя курсы са старой назвай «Мова ці кава» ў галерэі ЦЭХ ці наведаць добра знаёмыя заняткі ў галерэі «Ў» пад новай назвай «Мова нанова».

Журналістка Кацярына Кібальчыч патлумачыла «НН», чаго чакаць ад абноўленай «Мовы ці кавы».

Ужо не сакрэт, што «Мова нанова» адкалолася ад «Мовы ці кавы» ў выніку канфлікту арганізатараў на глебе фармату заняткаў. У «Мовы нанова», якую цяпер будзе рабіць Глеб Лабадзенка, фармат застанецца нязмненным. А «Мову ці каву» версіі «2.0» Кацярына Кібальчыч называе праектам, якога яшчэ не было ў Беларусі.

«2013 год быў для мяне шалёны. Ніколі ў жыцці раней я не займалася беларусізацыяй нават тэарэтычна і амаль не размаўляла па-беларуску. А тут, як у п'есе Грышкаўца: «Прачынаешся, і ты - гусар. І конь твой цябе ведае». І нікуды ўжо не падзенешся.

За год у Мінску і Маскве прайшло каля 70 заняткаў. Я разбірала з алоўкам планы ўрокаў.

Курсы масавыя - гэта класна, але яны павінны быць моднымі. І вось з гэтым заўсёды складаней. Для двухмільённага Мінска 100 чалавек на занятку — кропля ў моры.

А вось калі пляцоўка «Мова ці кава» стане месцам збору самых прагрэсіўных людзей,

калі там будуць абмяркоўвацца трэндавыя тэмы, то беларусізацыя выплюхнецца за межы нашага звыклага катла. Таму што займацца «перакрыжаваным апыленнем» — калі на вачах пастаянна адныя і тыя ж людзі — не правільна і не цікава асабіста мне.

Усім вядомыя «Вечары ў Політэхнічным». З дыскусіямі і гарачымі спрэчкамі, лекцыямі.

У наш час «Фэйсбук» задаволіў патрэбу людзей выказвацца. А мы ж спрабуем стварыць такую «жывую» беларускамоўную пляцоўку.

Складана навучыць людзей граматыцы, калі яны сядзяць у перапоўненым памяшканні, але для моўнай практыкі гэта ўдалае асяроддзе.

Выкладчыкі будуць прыдумляць кантэнт — як даць магчымасць выказацца кожнаму, і каб размова была паважлівай. І каб людзі (незаўважна для сябе) вывучалі беларускую мову.

Тым больш, што імульс дадзены, і

мне вядомыя, як мінімум, дзве незалежныя пляцоўкі ў Мінску, якія з 2014 года пачнуць нефармальна вывучаць беларускую мову па методыцы, падобнай да нашай»,

— кажа Кібальчыч.

Кацярына Кібальчыч расказала і пра першы занятак мадэрнізаваных курсаў: што будзе абмяркоўвацца, хто будзе весці занятак і каго запрасілі ў якасці госця.

«Па-першае, будзе акцэнт на гасцей і дыскусію. Мне цікава стварыць пляцоўку, дзе можна дыскутаваць на актуальныя, трэндавыя тэмы.

На першым занятку адбудзецца прэзентацыя міні-размоўніка «грамадскае харчаванне». З гэтай нагоды мы збіраем рэстаратараў і супрацоўнікаў сферы грамадскага харчавання,

каб дыскусія атрымалася больш рознабаковай. Прыйдуць гаспадары бара «Тутэйшыя», якія нядаўна апынуліся ў цэнтры скандала з-за інфармацыі пра «зніжкі беларускамоўным».

У якасці «свежай галавы» прыйдзе Паліна Рэспубліка.

Далей будуць тэмы

«рэклама», «мова інтэрнэту», нават правакатыўная «рускія ў горадзе» —пра «гасцей сталіцы» якіх бачым на выходных.

Другая задума – даць нашу пляцоўку розным таленавітым людзям, каб яны паспрабавалі сябе выкладчыкамі

Заняткі будуць весці некалькі пар выкладчыкаў. У кожнага можа быць свая аўдыторыя і гэта крута.

Вядоўцамі ў 2014 годзе застануцца па ранейшаму: Алесь Залеўскі, Васіль Дранько-Майсюк, Вольга Вербіловіч, Андрусь Такіданг, Алесь Чайчыц. Далучацца і новыя: Уладзь Лянкевіч, Алена Пятровіч, Франак Вячорка, Валярына Кустава», — паведаміла Кацярына Кібальчыч.

Чакаюцца і тэхналагічныя цікавосткі:

для тых, хто не зможа прысутнічаць на занятку, а таксама для ўсіх ахвотных будзе здымацца відэаверсія

заняткаў. Арганізатарка курсаў упэўнена, што новая «Мова ці кава» зацікавіць у першую чаргу моладзь. А своеасаблівым «фільтрам» аўдыторыі, які сфармуе яе касцяк, стане сам фармат курсаў — змест і напаўненне праграмы прыцягне тых, хто захоча займацца і стала наведваць «Мову ці каву».

Заняткі будуць адбывацца панядзелкамі, а 19-й у галерэі «ЦЭХ» (пр.Незалежнасці, 58, корпус 6).

Таксама ў панядзелак 13 студзеня ў галерэі «Ў» (пр.Незалежнасці, 37а), пройдзе занятак курсаў «Мова нанова», які будуць весці Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская. Пачатак а 19-й.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?