Сяброўка маёй малодшай сястры, 20-гадовая дзяўчына, уначы з 23 на 24 сакавіка была ў намётавым гарадку на Кастрычніцкай плошчы. Калі я размаўляла з ёю пасля чатырох сутак, якія яна правяла за кратамі, больш за ўсе мяне ўразілі нават не жудасныя падрабязнасці турэмнага «быту» і таго, як міліцыянты абыходзіліся з вязнямі. І я б не здівілася, калі б пачула ад яе словы абурэння і абяцанні адпомсціць. Больш за ўсё яна ўразіла мяне сваімі першымі словамі: «З такімі людзьмі я б яшчэ там пасядзела...» Яна доўга расказвала пра тых людзей, з якімі ёй пашчасціла правесці гэтыя чацвёра сутак. З асаблівым захапленнем яна распавядала пра сваю суседку па камеры, 18-гадовую дзяўчыну, студэнтку журфака – Кацю. Яна перапісала сабе ўрывак з дзённіка Каці і вельмі хацела, каб гэтыя запісы змаглі прачытаць як мага больш людзей. Я вырашыла даслаць іх вам.

«...25 сакавіка сочыцца сьціплымі вясновымі праменьчыкамі скрозь краты на акенцах.

– З Днём волі, спадарства!

Мы міжвольна кідаем позіркі на чатыры шурпатыя бетонныя сьцяны, неахайныя жалезныя дзьверы. Абмацоўваем цьвёрдыя нары, удыхаючы нясмачнае турэмнае паветра...

23-24 сакавіка. Ноч.

На Кастрычнікім пляцы, у нашай маленькай краіне – бел-чырвона-белая свабода. І ўсё ж гэта чарговая складаная ноч.

Двайны шчыльны ланцужок з мужных змагароў. Дзяўчаты разносяць гарбату, шкарпэткі, лекі дзеля хворага горла. Не акамянеем у сьцюдзёных лапах марознага сакавіка – танчым. Падбадзёрваюць гучныя вольныя песенькі з калёнак.

Паступіла невясёлая інфа: правакатары маюцца падкінуць наркату!

Жалезна: аніякіх мехаў ня браць ў рукі!

Чарговая нялёгкая ноч. Аказалася апошняй.

Вусцішныя гмахі, амапаўскія грузавікі, з’явіліся а трэцяй гадзіне.

– Тэлефануйце журналістам!

Дзяўчына набірае нумар карэспандэнта радыё «Свабода», выкладае падрабязнасьці, але ж раптоўна ўпадае ў гістэрыю. Постаці амапаўцаў цямнейшыя за на начны атрамант, пацуцьцё безвыходнасці расьцякаецца дрыжыкамі па целе.

Мая дарагая сябровачка! Я бачыла свет добрым і справядлівым. А ты бачыла ўва мне цнатлівае і наіўнае дзіцё. Пачвары ў непрабіўных панцырах білі без правіны хлопцаў, цягнулі тварамі па асфальце. Я пасталела, сябровачка...

Хапаю за цёплую далоньку дзяўчыну. Здаецца, цяперака яна, незнаёмая мне, самая блізкая і родная. Стройнай калёнкай – у грузавік…

– Голаў уніз, сука! – амапавец злосна пхае дзяўчо.

– У машыне дзяўчаты бездапаможна румзаюць, а людзі ў чорным усьміхаюцца, раскідваюцца брутэльнымі жартамі.

– А што… што з намі будзе? – б’ючыся ў трапяткой гістэрыі, запытвае паненка.

– Растраляем, бл...!

Ныраю ў патокі крыўды і сьлёзаў.

– Ня плач… - хлопец поплеч лагодна бярэ за руку. – Гэта будзе на карысьць Беларусі!

Карціць верыць, мілы хлопчык! Аднак сьлёзы такія салёныя і нясмачныя.

У доўгіх і шэрых калідорах акрэсьцінскай турмы (ух, якой славутай у апошнія дзянёчкі!) мы выстрайваемся тварамі да нецікавых сьценаў – гэтак празаічна і працякаюць наступныя некалькі гадзінаў.

– Гэта гонар – сядзець за свабоду! – затрыманая польская журналістка глядзіць на свет аптымістычна. Поплеч са мною – спрэс студэнты. Студэнты лепшых беларускіх ВНУ.

– Прывітаньне! Як цябе завуць? Дзе вучылася?

Апошняе – нязменна ў часе мінулым. Ведаем, што палітвязьням уваход на ганак родных ВНУ забаронены. Затым нас цягаюць па аднолькавых акрэсьцінскіх калідорах.

Адзін міліцыян выкрыквае:

– Садзіся, бл...!

Другі праз хвіліну:

– Уставай, бл...!

Прынізьлівае абшукванне, адпячаткі маіх незлачынных пальцаў. Тварам да сьцяны – тупое вывучэнне бляклага бэтону. Грукат жалезных дзьвярэй. У 18 я стала палітвязнем.

25 сакавіка

У камэры блытаецца дзень і ноч. У камэры – прыбіральня насупраць нараў. У памяшканьні са мною 9 дзяўчатаў і тры кабеты. Падлічана: на суцьвёрдых нарах кожны валодае роўна 23 сантыметрамі. Мы што смажаныя рыбкі ў бляшанцы!

Пераважная большасьць маіх суседзяў да слова «палітыка», небяспечнага слоўца, дакрануліся толькі падчас сакавіцкіх падзеяў.

Учора дружна плакалі, абмяркоўвалі выключэнне з працы і ўнівэраў. Сёння шуткуем. Песенькі сьпяваем. «Паветраны шар» – вольны гімн складаных сакавіцкіх дзён.

Яскрава ўсьведамляю, што такое ёсць інфармацыйны голад. Імпэтна глытаем кожны дробязны факт адтуль, з сонечнага неабдымнага сьвету. Прыходзяць перадачы. Перадача – сапраўднае шчасьце дзеля вязьня. Дзяўчынка Таня, гэтае самае шчасьце не спазнаўшая, румзае. І румзае не таму, што аранжыкі з волі такія сонечныя і сакавітыя. Справа прасьцейшая: неабходна ўсьведамляць, што там, на прасторах свабоды, імя тваё забыцьцём не парастае.

Таму і я ў вадкай, вязкай крыўдзе. Калі была ня вязьнем, а проста дзяўчынкай, што выкрочвала пад беларускім сонейкам, пытаньнем задавалася: калі траплю ў лякарню ці, ня дай Божухна, у турму, хто ж паспачуваць з’явіцца? Пад трыма атрыманымі перадачамі значылася імя толькі маміна.

Паненцы Аксане маці ўручыла запіску: «Усьвядомь сваю віну». Сталасць – прагматычная. А маладосць... Яна зухаватая, да зьменаў і рэвалюцыяў прагная.

26 сакавіка

На «шпацыр»! Чатыры сьцяны, вочы ад сакавіцкага сонца жмурацца. Сьнег пад нагамі чвякае. Нябёсы – блакітныя-блакітныя! І паветра – водарнае, вясновае... Павер, шаноўны чытач: за ягоны глыток мы можам чатырма перадачамі ахвяраваць.

Заўтра лёсавырашальны суд. Паглядаю на сваіх суседак, маладзенькіх дзяўчынак. Як недарэчна гучаць гэтыя слоўцы з іхных вуснаў!..»

Хартыя’97

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0