Сябра Нацыянальнай рады партыі БХД Аляксей Шэін скончыў працу над прыгодніцкім раманам для дзяцей старэйшага школьнага ўзросту, які пісаў больш за два гады.

Назва ўжо ёсьць, але аўтар кажа, што яна працоўная і можа яшчэ змяніцца, таму цяпер агучваць яе няма сэнсу.

— Чаму вы вырашылі напісаць менавіта казку?

— Я цяпер назіраю, як растуць мае дзеці. Бачу катастрафічны недахоп беларускай літаратуры для іх. А значыць, падобная сытуацыя і ў іншых сем’ях. Калі браць узрост, для якога я напісаў казку, то, сапраўды, чытаць па-беларуску ім асабліва няма чаго. Ёсць кнігі на расейскай мове ці перакладная літаратура — зноў жа на расейскую мову, але няма беларускай ці хаця б перакладаў на беларускую мову.

— Дыктатура ў вашым творы абстрактная? Ці нешта нагадвае Беларусь?

— Ведаеце, зло — заўсёды ня вельмі крэатыўнае. Яно вельмі падобнае, нягледзячы на тое, у якім часе і ў якой краіне — сапраўднай ці прыдуманай — яно адбываецца.

Схемы, паводле якіх зло дзейнічае, мала чым адрозніваюцца. Вядома, слова «дыктатура», напэўна, больш зразумелае людзям, якія чытаюць Фэйсбук, але ж яго можна разумець і проста як тыранію. Чытаючы мой твор, некаторыя чытачы пабачаць пэўныя паралелі з нашай краінай і зразумеюць, што там ня проста злы кароль, а нехта больш рэальны.

Яшчэ ёсьць такая падказка, што адна з вырашальных падзеяў казкі адбываецца на вялікай плошчы і ключавыя моманты звязаныя якраз з гэтай сітуацыяй.

— А як зразумеюць казку тыя, хто не арыентуецца ў палітычнай сітуацыі? Усё ж гаворка ідзе пра падлеткаў…

— Тыя, хто не зразумее паралеляў, зможа чытаць твор як казку, у якой дзейнічае прыдуманае зло. Гэта ж даволі распаўсюджаны казачны сюжэт, калі апісваецца несправядлівы сацыяльны парадак у грамадстве, дзе адзін чалавек незаконна ўзяў на сябе права вырашаць лёсы іншых людзей.

Выданне кнігі запланаванае ўжо на гэты год. Разам з кнігай у цвёрдай вокладцы выйдзе і электронны варыянт.

Сюжэт рамана-казкі пабудаваны на аснове падзей на менскай Плошчы незалежнасці 19 снежня 2010 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?