«Шчасце — гэта вялікае мастацтва, якое кожны чалавек штодня творыць сваімі рукамі».
Такую думку Аляксандр Лукашэнка выказаў сёння на традыцыйным прыёме з нагоды старога Новага года.
«Наша шчасце — не дарунак зверху, а вялікае мастацтва, якое кожны чалавек штодня творыць сваімі рукамі. І толькі ад нас залежыць, наколькі больш шчаслівым мы зможам стаць у новым годзе», — сказаў афіцыйны беларускі кіраўнік.
На прыём запрошаны вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, дзеячы культуры, спорту, журналісты.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды і Падзякі прэзідэнта заслужаным людзям краіны.
За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у дзяржаўнае будаўніцтва і сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ордэна Айчыны III ступені ўдастоены кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Андрэй Кабякоў, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык.
Ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны таксама міністр абароны Юрый Жадобін і міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч за ўзорнае выкананне воінскага абавязку, службовых абавязкаў, высокі прафесіяналізм і ўмацаванне абараназдольнасці дзяржавы.
Ордэнам Пашаны адзначаны памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў і старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
Аляксандр Лукашэнка ўдастоіў дзяржаўных узнагарод членаў каманды прэзідэнта Беларусі па хакеі.