Увесну высветліцца, ці дазволяць Літве далучыцца да еўразоны. У выпадку, калі будзе дадзена зялёнае святло, на Манетным двары Літвы ўжо гэтым летам пачнуць чаканіць літоўскі еўра. Як будуць выглядаць новыя грошы ўжо можна ўбачыць у віленскім Музеі грошай.

У 2006 г. да ўдзелу ў конкурсе па стварэнні нацыянальнага боку еўраманет былі запрошаны самыя вядомыя літоўскія мастакі. Конкурс быў абвешчаны ў надзеі на тое, што Літве дазволяць далучыцца да зоны еўра з 2007 года. Аднак тады з-за высокай інфляцыі еўра ўвесці не ўдалося.

Адзін бок еўраманет для ўсіх краін аднолькавы, на другім — краінам дазволена вырашаць, як адлюстраваць сваю ідэнтычнасць у агульнай валюце.

Першае месца на конкурсе дасталася Антанасу Жукаўскасу. Пазней праўленне Банка Літвы зацвердзіла прапанаваны праект.

«Гэта Пагоня. Мы атрымалі розныя прапановы, што гэта маглі быць розныя архітэктурныя аб'екты — Кафедральны сабор, Вежа Гедыміна, касцёл Святой Ганны, але мы ўсё ж такі думалі, што найлепшым выбарам было б тое, з чым Літву ідэнтыфікуюць стагоддзямі. Гэта Пагоня, сфармаваная ў XVI-м стагоддзі як геральдычны знак вялікіх князёў літоўскіх.

Да прыкладу, Кафедральны сабор мы не можам параўнаць з рымскім Калізеем, які ведаюць ва ўсім свеце. Ён не быў бы так відавочны і вядомы сярод іншых манет», — кажа кіраўнік Музея грошай Відмантас Лаўрынавічус.

Пасля абвяшчэння пераможцаў конкурсу і зацвярджэння Банкам Літвы праекта на Манетным двары Літвы былі адчаканены каля 10 000 літоўскіх еўраманет.

Амаль усе яны ў дадзены момант захоўваюцца на манетным двары.

Калі з наступнага года Літве атрымаецца ўвесці еўра, летам пачнуць біць новыя манеты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?