7 студзеня, на Раство, памёр заслужаны настаўнік Беларусі Мікалай Іваноў. Для мяне — Коля…

Мы не бачыліся з чэрвеня 1963 года. Атрымліваецца паўстагоддзя, паўгода і сем дзён.

І вось я бачу яго, а ён мяне – не…

Я намагаюся пазнаць яго ў чалавеку, што ляжыць, склаўшы рукі, у дамавіне. Але як не ўглядаюся, твару не відаць – у рытуальнай зале недзе на гразкіх, у ямінах, задах 10-й мінскай лякарні змрочна і цесна. Вакол мноства дамавін розных гатункаў і коштаў — пастаўлены уздоўж сцен, пакладзены адзін на аднаго ў чаканні сваіх, на вечнасць, насельнікаў… Раптам аднекуль з’яўляецца малады хлопец у зялёнай лякарскай вопратцы, нешта папраўляе на Коліным твары… Не паспелі, мусіць, падрыхтаваць. На развітанне – усяго паўгадзіны, толькі вынеслі аднаго, а ўжо чакае наступны…

Спяшайся і ты, Коля, не затрымлівайся на гэтым свеце…

Па праўдзе, я не ведаю, чаму паехаў на Колева пахаванне. Мы ніколі не сябравалі, за ўсе гады пасля заканчэння ўніверсітэцкага гістфаку не тое што не бачыліся, нават не чулі адзін аднаго. Ды і не першым з аднакурснікаў ён пайшоў з жыцця, паміраць пачалі ці не з пачатку 80-х. Але пра іх сыход я звычайна даведваўся значна пазней і збольшага выпадкова. Што ж, у кожнага сваё жыццё, свае сябры з летуценнага студэнцкага юнацтва…

Сябраваць з Колем ніяк не выпадала. Ён быў на шэсць гадоў старэйшы за мяне. Да таго ж пасля Балтыйскага флоту.

І ўсе пяць універсітэцкіх гадоў хадзіў у марацкім бушлаце. А я гарадскі, толькі пасля школы, у акулярах… Коля цікавіў мяне толькі тым, што разам з Хрушчовым плаваў на сваім крэйсеры ў Англію, бачыў там нешта такое, што здавалася мне недасягальнай фантастыкай. Карацей, Коля бачыў свет. А мой свет абмяжоўваўся Мінскам, нават толькі ягоным цэнтрам – ад Заходняга моста да Круглай плошчы, пазней плошчы Перамогі…

Не, не толькі. Яшчэ былі ў маім свеце Нарач, вёска Купа, Мацей і белы Мацеевы конь.

Па прыналежнасці той конь быў ужо калгасны, але ўтрымліваўся ў Мацея, былога гаспадара, і насамрэч нічога калгаснага ў тым кані не было. Ад ранку да вечара ён цяжка працаваў на жабрацкую Мацееву гаспадарку, а на ноч я адганяў яго на луг пад Урлікі, спутваў… «Хочаш, навучу?» — спытаў Мацей. І навучыў амаль усяму, што патрабуецца для годнага абыходжання з канём, нават ездзіць на ім без сядла. Аднойчы я пагнаў яго ў начное напрасткі, праз балотца, па якім вілася ледзь бачная сцежка. Навошта я не паслухаў яго, калі адчуў, што хада праз балотца яго ніяк не прываблівае? Пырхае, чмыхае…

Да сёння бачу слязу, што коціцца з глыбокага, бы калодзеж, вока, калі цягну яго, зусім стомленага ад маёй бездапаможнасці, з багны, чую ўласны лямант…

Усё ж неяк вылузваліся. Ці ж забыцца на тое, як спагадліва дакрануўся ён храпай да пляча?!

Было тое ў 1954 годзе. Дарэчы, годзе Каня…

Калі б Коля ведаў, што сяк-так я ўмею абыходзіцца з коньмі, наўрад ці пагадзіўся б біцца аб заклад.

Той заклад адбыўся ў першую ж студэнцкую восень, на так званай бульбе, як заклад паміж марацкім бушлатам і акулярамі.

Ішоў 1958 год, з паўсотні студэнтаў толькі пяцёра паступілі на гістфак адразу пасля школы, астатнія – пасля арміі і флоту.

Хрушчоў даў былым вайскоўцам неймаверныя льготы, бо лічылася, што армейская школа стварае моцны ідэалагічны падмурак. Акуляры ў той падмурак не ўпісваліся…

Ад сёння адчуванне тагачаснай перавагі бушлатаў над акулярамі, над «салагамі», над гнілой, так бы мовіць, інтэлігенцыяй, падаецца менш выразнай. Але менавіта з той прыхаванай перавагі нарадзілася з’едлівая Колева насмешка: «Бач ты, знайшоў дзе рукі грэць… Глядзі, кусіць…»

Грэць рукі ў пахвіне каня навучыў мяне Мацей. «Не страшыся, — гаварыў, — гэта ззаду нельга падыходзіць, а тут цяплейшае ў каня месца…» Ну і дзе ж было мне сагрэць іх на пранізлівым восеньскім холадзе пасля таго, як выскрабеш з раскіслага глею і накідаеш мех бульбы? А тут, дзякуй Богу, два кані – гняды і белы…

Урэшце рэшт пабіліся аб заклад: хто хутчэй дамчыць вярхом да стайні… Кінулі жэрабя. Высокі, недзе пад два метры, Коля нязграбна ўзлез на гнядога, ногі — амаль да зямлі. Мне ж дастаўся белы.

Як памчаў ён трушком! Якую адчуў я забытую асалоду! Але раптам раскруціліся лейцы, пацягнуліся па прасёлку, я намагаўся падцягнуць іх і хіліўся ўсё ніжэй і ніжэй… І зноўку выратавала Мацеева школа: згрупавацца і самому скінуцца з каня. Скінуўся. На чатыры кропкі. І пятая – носам. Добра што ва ўзаранае поле.

Разбітыя акуляры адшукаў Коля.

А белы мой конь нават не спыніўся, памчаў у далячынь…

Нас няшмат ужо засталося, былых аднакурснікаў. У мінулым кастрычніку сустрэліся, хто здолеў, адсвяткавалі паўвека, дамовіліся сустракацца часцей.

Сустрэліся на Колевым пахаванні.

Я ўглядаюся ў ягоны твар, а з вачэй не знікае, як ён поўзае на каленях па полі, шукае мае акуляры.

…На памінках прагучала: «…заслужаны настаўнік рэспублікі Мікалай Рыгоравіч Іваноў…»

Але са школы, дзе ён працаваў усё жыццё, ніхто не прыйшоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?