Меркавалася, што ў будынку побач з Нацыянальным алімпійскім камітэтам адкрыецца гатэль сусветнай сеткі «Рэдысан», аднак і гэтыя планы сарваліся. Цяпер тут спрабуюць паспець дабудаваць гатэль «Вікторыя-Алімп».
Абсурдная сітуацыя: у Мінску да Чэмпіянату свету будуюць столькі дарагіх гатэляў, але большасць з іх не паспеюць здаць у эксплуатацыю да першынства.
Чэмпіянат у краіне — «мерапрыемства палітычнага значэння», таму правяраць сітуацыю даручылі Камітэту дзяржаўнага кантролю (КДК).
Выявілася, што не паспеюць да першынства прыняць гасцей сталіцы гасцінічны комплекс «Славянскі» (на праспекце Пераможцаў) і гіганцкі шматфункцыянальны комплекс з гатэлем «Кемпінскі» (на праспекце Незалежнасці).
Шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны комплекс з гасцініцай, які будуецца на месцы старога інтэрната БДУ насупраць Палаца спорту па праспекце Пераможцаў, таксама не ўбачыць наведнікаў ЧС-2014. Паводле звестак КДК, гатоўнасць комплексу складае цяпер крыху больш за 10%.
У найбліжэйшы час КДК мае намер падняць ва ўрадзе пытанне па ўсіх тых гасцініцах, якія будуюць прыватныя інвестары. Бо па інвестыцыйных дамовах ім даваліся сур'ёзныя падатковыя льготы менавіта з тым, каб яны прынялі ЧС-2014 года, за які Беларусь так моцна змагалася. Паколькі ўмовы груба парушаныя, то льготы, хутчэй за ўсё, будуць скасаваныя. Па дадзеных КДК, усяго дзяржава дала прыватным інвестарам льготы на агульную суму 55 мільярдаў рублёў, якія зараз павінныя быць вернутыя ў бюджэт.
Цяпер задача — размясціць усіх тых афіцыйных удзельнікаў ЧС-2014 і заўзятараў. КДК заклікае фарсіраваць заканчэння будаўніцтва хаця б пяці гасцініц.
Гаворка ідзе аб будаўніцтве гасцініц «Свіслач» і перабудову машэраўскага гатэля «Беларусь», што на Старажоўцы. Іх гатоўнасць складае каля 70%. Таксама ёсць шанцы на сканчэнне гасцінічнага комплексу «Вікторыя-Алімп», ступень гатоўнасці якога каля 60%. І гэта прытым, што ён будуецца рыхтык насупраць выезду з Драздоў на праспект Пераможцаў, у комплексе з сядзібай Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Меркавалася, што ў будынку побач з Нацыянальным алімпійскім камітэтам адкрыецца гатэль сусветнай сеткі «Рэдысан», аднак і гэтыя планы сарваліся.
Мае шанцы сустрэць турыстаў пахам свежай фарбы і гасцініца «Вікторыя-2» на праспекце Пераможцаў (гатоўнасць больш за 75%), а таксама гатэль «Рэнесанс» на праспекце Пераможцаў бліжэй да Нямігі (гатоўнасць больш за 82%).
КДК прызнае, што галоўная праблема зрыву тэрмінаў увядзення ў эксплуатацыю гатэляў — востры дэфіцыт будаўнікоў.
На большасці аб'ектаў працы вядуць 20-30% ад неабходнай колькасці будаўнікоў. Прычына ў тым, што закладзеныя ў праектах заробкі нашмат ніжэйшыя за рынкавыя, таму шмат будаўнікоў з краіны пераехала ў Расію або працуюць на прыватных аб'ектах.
Высокія цэны на нафту абумовілі будаўнічы бум, у выніку чаго будоўляў стала больш, чым дойлідаў.
КДК рэкамендуе ўраду перакінуць будаўнікоў з рэгіёнаў у сталіцу, інакш гатэлі застануцца недабудаванымі.