Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта завяршыў праверку па факце перапіскі ў інтэрнэце паўналетняга жыхара Брэста з непаўналетнім берасцейцам на прадмет наяўнасці ў іх зносінах складу злачынства, звязанага з замахам на палавую недатыкальнасць непаўналетняга.

Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Руслан Макарук.

Па канфіскаваных следчым у мужчыны флэш-картах, планшэце, двух мабільных тэлефонах, ноўтбуку было праведзена шэсць камп'ютарна-тэхнічных і столькі ж мастацтвазнаўчых экспертыз, апытаныя больш за 20 грамадзян. Быў праведзены агляд месца здарэння, жытла, месца працы паўналетняга берасцейца, агледжаны канфіскаваныя прадметы.

Цягам праверкі ўстаноўлена, што перапіска і далейшыя зносіны ўдзельнікаў гэтага інцыдэнту не ўтрымліваюць прыкметаў распусных дзеянняў, накіраваных на ўзнікненне ў падлетка палавой цягі (такіх як здзяйсненне дзеянняў сэксуальнага характару ў прысутнасці пацярпелых, дэманстрацыя ім аўдыё- і візуальнай прадукцыі парнаграфічнага характару або прадастаўленне аналагічнай літаратуры, апавяданні сэксуальнага характару).

Па выніках праверкі следствам прынята рашэнне аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні да паўналетняга берасцейца ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынстваў, прадугледжаных арт.167 (гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару), ст.168 (дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16 гадоў) і ст.169 (распусныя дзеянні) КК.

У пачатку лістапада 2013 г Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта пачаў праверку інтэрнэт-перапіскі жыхара Брэста з непаўналетнім пасля таго, як мужчыну на адной з кватэр затрымалі паляўнічыя на педафілаў. Актывісты грамадскай ініцыятывы сцвярджалі, што 57-гадовы рэдактар адной з газет прыйшоў туды для інтымнай сувязі з падлеткам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?