фота з сайта Еўрарадыё

фота з сайта Еўрарадыё

Чацвёрты дзень разгляду справы «Экамедсэрвіса» пачынаецца з допыту пацярпелых — бацькі і маці памерлай Юліі Кубаравай. Юрый Кубараў расказвае, што спадзяваўся на лепшае да самых апошніх дзён жыцця сваёй дачкі.

«Калі мы яе гладзілі па жываце ў 4-ай бальніцы, перад самай смерцю, яна спрабавала сціскацца. Мы доктара паклікалі, падзяліліся сваёй радасцю. А ён нам сказаў не радавацца заўчасна».

Вечар таго дня Юрый і Ала Кубаравы праводзяць у інтэрнэце — шукаюць значэнне заўважаных сімптомаў.

Некалькі гадзін за маніторам забіваюць апошнюю надзею — адразу некалькі крыніц сцвярджаюць: убачанае сведчыць аб смерці галаўнога мозга. Ужо праз некалькі дзён з Мінска прыходзіць трагічная вестка — Юля памерла. Ужо ў моргу пасля ўскрыцця бацькам гавораць, шансаў выжыць у іх дачкі не было з самага пачатку.

Аднаўляюць Кубаравы ў судзе і першыя гадзіны дачкі пасля аперацыі.

З іх словаў, падчас аперацыі з памяшкання выбегла адна з медсясцёр. Яна была моцна ўстрывожаная нечым, але Кубаравым сказала: «З вашай дачкой усё нармальна».

Вярнулася медсястра ў палату толькі праз 5-7 хвілін, чым займалася і дзе была ў гэты час — невядома.

Дзіўныя рэчы працягваюцца і пасля завяршэння аперацыі. З аперацыйнай у палату Юлію вывозяць на каталцы. Бацькам дазваляюць быць побач з дачкой праз дзесяць хвілін. За гэты час у палату заходзяць медсёстры, тройчы заглядвае анестэзіёлаг Шураў. А вось лечачы урач, хірург Серабро так і не заходзіць да сваёй пацыенткі.

Амаль адразу пасля аперацыі ён сыходзіць з медцэнтра. Збянтэжаным бацькам тлумачыць: «Няправільна запаркаваў машыну, трэба сысці».

У 21.30 з «Экамедсэрвіса» сыходзіць анестэзіёлаг Шураў. Разбудзіць пацыентку ён так і не змог, але у 21.45 у яго цягнік у Маскву. Будзіць дачку бацькам забараняе і медсястра.

Гаворыць, што калі разбудзіць Юлю цяпер, яна ўсю ноч будзе мучацца ад болю.

Бацькі тым часам пакутуюць ад прадчуванняў — Юля вельмі цяжка дыхае, на яе твары ўздуваюцца вены, на галасы родных ніяк не рэагуе. «У мяне была думка, неяк дзейнічаць. Але як? Выклікаць хуткую ў будынак бальніцы?» — Юрый Кубараў ледзьве стрымлівае слёзы, стоячы перад суддзёй. Яго жонка Ала стрымацца не можа, гаворыць пра думкі аб суіцыдзе, ад якога абараняе толькі вера ў Бога.

Кубаравы расказваюць, што адгаворвалі дачку ад аперацыі — шнар на яе носе быў малазаўважным. Але канчаткова пераконваюць іх у неабходнасці аперацыі у… «Экамедсэрвісе».

Хірург Серабро сцвярджае, што з часам шнар будзе толькі павялічвацца, а таму аперацыя патрэбная.

Расказваюць бацькі і пра яшчэ адну трагічную акалічнасць.

Каля дзесяці гадоў таму Юлія Кубарава ўжо спрабавала выправіць шнар на носе. Аднак тады аперацыю праводзілі без наркозу, і яна прайшла не вельмі ўдала. Дзяўчына настолькі запомніла боль, адчуты тады, што шукала медцэнтр, дзе робяць такія аперацыі менавіта пад агульным наркозам.

«Яна хацела такую аперацыю, якая будзе праходзіць толькі пад агульным накозам. Справа ў тым, што Юля ўжо мела адну аперацыю на носе, ёй тады было 15-16 гадоў. Гэта вельмі моцны боль. Дактары гавораць, што той, хто прайшоў праз такі боль, ён ніколі больш не пагодзіцца на аперацыю без наркозу», — расказвае бацька Юрый.

З будынка «Экамедсэрвіса» Кубаравых каля 22 гадзін 26 сакавіка 2012 года выганяе ахоўнік. Праз дзве гадзіны сюды за іх дачкой прыязджае выкліканая медсястрой «хуткая».

А ў гадзіну ночы бацькам Юліі тэлефануе хірург Серабро і паведамляе, што Юлю забралі ў 4-ы шпіталь Мінска. На пытанне, што з ёй, ён адказвае проста: «Я не ведаю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?