Артур Клінаў «Шклатара»

Аўтар раманаў «Малая падарожная кніжыца па горадзе Сонца» і «Шалом», мастак і пісьменнік Клінаў прадставіў чытачам новы раман «Шклатара». Яго дзеянне адбываецца ў канцы 2010. Адзін з інтэр’ераў — будынак на сталічным праспекце Незалежнасці 37а. Цяпер там месціцца галерэя «Ў» і кнігарня «Логвінаў», а раней знаходзіўся пункт прыёму шклатары — адсюль і назва. Героі кнігі — літаратурна-мастацкая багема.

Галоўны герой трапляе на Плошчу 19 снежня 2010. Спярша ставіцца да падзей як да карнавалу, ролі ў якім распісаныя. Стаўленне змяняецца, калі на Плошчу трапляюць яго блізкія людзі…

 

Віктар Шніп «Сабачыя гісторыі»

Галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп найбольш вядомы як паэт. Аўтар амаль двух дзясяткаў зборнікаў. Асобную старонку біяграфіі Шніпа займаюць «Сабачыя гісторыі», якія ён друкаваў у «НН» у 1996—2002 і 2006 гадах. Гісторыі апублікаваныя ў той паслядоўнасці і рэдакцыі, як былі ў штотыднёвіку. У сціслых аповедах, у якіх дзейнічаюць два героі (Сабака і Граждан), у жартаўлівай ці саркастычнай форме абыгрываецца нейкі эпізод або сітуацыя.

Уладзіслаў Ахроменка «Музы і свінні»

Згодна са старажытнагрэчаскай міфалогіяй, у бога Зеўса і тытаніды Мнемазіны былі дзевяць дачок — муз, заступніц навук і мастацтваў. У кнігу Ахроменка ўключыў 27 саркастычных навел, кожны сюжэт фармальна датычыць адной з дзевяці музаў.

Аўтар кажа, што ўсе гісторыі спісаныя з жыцця.

 

Уладзімір Някляеў «Знакі прыпынку»

Паэт і другі пераможца прэміі Гедройца Някляеў пісаў кнігу амаль дзесяцігоддзе. У 2004 цыкл «Знакі прыпынку» пачаў друкавацца на старонках «НН». Праз пяць гадоў частка запісаў выйшла ў някляеўскіх «Выбраных творах». Укладальнікам поўнага выдання стаў журналіст Сяргей Шапран.

 

Вінцэсь Мудроў «Багун»

«Ніхто так бліскуча не бачыць асаблівасці савецкага менталітэту, як Мудроў», — лічыць перакладчык Лявон Баршчэўскі. Сваё 60-годдзе полацкі пісьменнік адзначае кнігай «Багун». Назву кнізе дало аднайменнае апавяданне, падзеі ў якім разгортваюцца ў Заходняй Беларусі пасля 1939-га. Мудроў натуральна перадае псіхалогію вяскоўцаў і з бязлітаснай праўдай адлюстроўвае першыя крокі новай улады.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?