Інфармацыя пра тое, што ў Мінгарвыканкаме — новы старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва, з'явілася сёння ў сацыяльных сетках. Як аказалася, прызначэнне адбылося яшчэ ў канцы снежня 2013 года.
На афіцыйным сайце Мінгарвыканкама старшынём камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва значыцца ўжо не Аляксандр Пятроў, а Мікалай Уласюк.
Інфармацыю пра тое, што кіруе камітэтам цяпер ён і адбылося прызначэнне яшчэ «ў канцы снежня», пацвердзіў раніцай 15 студзеня сам Мікалай Мікалаевіч. Аляксандр Пятроў будзе працаваць у «Мінскграда».
Вядома, што яшчэ ў лістападзе 2013 Мікалай Уласюк займаў пасаду намесніка дырэктара па навуцы БелНДІ горадабудаўніцтва, а раней — быў загадчыкам кафедры архітэктурнага праектавання і малюнка Брэсцкага тэхнічнага універсітэта.
У канцы снежня 2013 года Мікалай Уласюк ў групе брэсцкіх архітэктараў удзельнічаў у конкурсе праектаў канцэпцыі архітэктурнай забудовы «Мінск-Сіці». Канцэпцыя гэтай аўтарскай групы была прызнана адной з найлепшых.
Аляксандр Пятроў быў кіраўніком камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва з лістапада 2011 года.
Нягледзячы на тое, што прызначэнне прайшло вельмі ціха, афіцыйная інфармацыя пра гэта ў друкаваных СМІ ўсё ж з'яўлялася — 10 студзеня ў газеце «Мінскі Кур'ер» ў рубрыцы «Прадстаўляем кіраўнікоў». Тады ж паведамілі аб прызначэнні старшынёй камітэта будаўніцтва і інвестыцый Фёдара Рымашэўскага.
Каментары