У свеце не засталося месцаў, дзе можа схавацца вялікі драпежнік. Ці вялікі сакрэт.
У біёлагаў з ЗША знайшоўся выдатны ўніверсальны аргумент супраць самых разнастайных тэорый змовы.
У свежым нумары часопіса Science прафесар Уільям Рыпл з Арэгонскага ўніверсітэта і яшчэ 13 навукоўцаў тлумачаць, як менавіта вылічыць льва па кіпцюрах. Дакладней, як прысутнасць любога з 31 найбуйнейшых драпежнікаў планеты - ад тыгра да марской выдры - выдае іх след у экасістэме.
Мы можам ніводнага разу не пабачыць мядзведзя, адбіткаў яго лап або задраных ім кароў, але пры гэтым цвёрда ведаць, што ён ёсць у нашым лесе, па ваганні колькасці іншых відаў.
Эколагі навучыліся адсочваць даволі тонкія — і невідавочныя — эфекты. Напрыклад, з-за адстрэлу ваўкоў выміраюць дубы і вязы (іх абгрызаюць алені, якіх ваўкі ядуць).
У ролі індыкатара могуць выступаць нават людзі. Напрыклад, як звязаныя колькасць павіянаў і падзенне пісьменнасці ў Афрыцы? Вельмі проста. Афрыканскія дзеці, замест таго, каб хадзіць у школу, вымушаныя ахоўваць пасевы ад галодных малпаў.
Менш львоў і леапардаў - больш павіянаў, ну і гэтак далей.
Ёсць простае правіла: калі драпежнік важыць 90 кілаграмаў, побач павінны вадзіцца 10 тон дзічыны. Для дзесяцітоннага тыраназаўра лік пойдзе ўжо на тысячы тон.
І чым драпежнік цяжэйшы, тым большая тэрыторыя наўпрост залежыць ад яго прысутнасці ці адсутнасці.
Гэта разважанне ставіць крыж на крыптазаалогіі — ідэі, што ў шатландскім возеры можа хавацца незаўважаны старажытны яшчар,
а па заснежаных Гімалаях бегаць калматы бігфут. Дыназаўру ў возеры занадта мала рыбы, а бігфут здохне з голаду на ледавіку.
Але
логіка навукоўцаў выдатна падыходзіць для барацьбы з канспіралогіяй у шырокім сэнсе — ідэяй, што дзесьці сядзіць таемны сусветны ўрад,
а Папа або Абама — марыянетка нябачных сілаў.
Як бы нам ні малявала ўяўленне гэтыя сілы — у выглядзе «рады дзевяці», што пляце змовы пры святле паходняў, або масонскай ложы — гэта перш за ўсё арганізацыя, якая ўвасабляе свае мэты ў жыццё. Значыць, ёй неабходны не абы-які бюракратычны апарат. А
не заўважыць вялікую кантору нельга чыста фізічна, нават калі яна стаілася ў глыбокім тыле.
ЦРУ на сваім сайце хваліцца гісторыяй, як у 1959 вылічыла размяшчэнне засакрэчанага атамнага завода ў СССР па адной часопіснай фатаграфіі пульта электрастанцыі ў Екацерынбургу з «Огонька».
Аналітыкі прыкінулі, хто на Урале і ў Сібіры спажывае электрычнасць — вытворчасці, буйныя гарады — і метадам выключэння знайшлі на пульце непадпісаныя цыферблаты, якія маюць дачыненне да «неапазнанага атамнага комплексу».
Пасля гэтага разлічыць маштабы вытворчасці зброевага ўрану і плутонію (у Кыштыме, Верх-Няйвінскім і Ніжняй Туры) было справай тэхнікі.
Завод спажывае электрычнасць. А сусветны ўрад ці суперсакрэтная спецслужба павінна спажываць людзей — ад сакратарак да першакласных матэматыкаў.
Выпусціць з-пад увагі гіганцкія патокі кадраў у «сакрэтную зону» гэтак жа складана, як не заўважыць, што зайцоў у лесе нехта пачаў есці.
Перад пачаткам Другой сусветнай фізік Флёраў лёгка вылічыў, што ў ЗША пачаўся ядзерны праект, таму што з адкрытага друку зніклі публікацыі найлепшых ядзерных фізікаў.
Той жа метад дазваляе сцвярджаць, што ў запасніках ЦРУ не пыляцца ўжо дзесяць гадоў як лятучыя талеркі або квантавы камп'ютар для ўзлому крыптаўстойлівасці шыфраў. Іх стварэнне запатрабавала б выключыць з адкрытай навукі занадта шмат знакавых персанажаў. Не патрабуецца быць аналітыкам спецслужбаў - кожны можа зайсці ў Google Scholar і прагартаць спіс навуковых артыкулаў таго ці іншага навукоўца за розныя гады.
Аматарам тэорыі змоваў гэтыя пытанні не прыходзяць у галаву, бо ў чароўным свеце канспіралогіі рэсурсы зла (у тым ліку людзі) невычарпальныя, як патроны ў камп'ютарнай гульні.
А львы, мядзведзі і дыназаўры папросту змяшчаюцца на адной паляне, як у дыснэеўскім мультфільме.