Заяўнікі абяцаюць прывесьці дэманстрантаў з Кастрычніцкай плошчы да Акадэміі навук. Мілінкевіч: «Я пайду на Бангалор, хоць гэта цяжкое маральнае пытаньне і ісьці туды ня хочацца». Івашкевіч: Мы ідзём на гэта, бо хочам, каб усё было абсалютна мірна.

Рашэньне прынятае — «Эўрапейскі марш» пройдзе па тым самым маршруце, які прапанавалі заяўнікам менскія чыноўнікі. Яшчэ ў аўторак вечарам усім заяўнікам прыйшлі лісты зь Менгарвыканкаму за подпісам намесьніка старшыні М.Ціцянкова. У адказе гаворыцца, што акцыя 14 кастрычніка дазваляецца па наступным маршруце: Акадэмія навук — вуліца Сурганава — плошча Бангалор. Збор ля Акадэміі а 14:00, заканчэньне акцыі а 19:00.

У сераду з раніцы заяўнікі «Эўрамаршу» правялі паседжаньне, дзе абмеркоўвалі прапановы Менгарвыканкаму. Урэшце было вырашана згадзіцца з прапанаваным маршрутам. Разам з тым, заяўнікі абяцаюць прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу, каб забраць адтуль усіх людзей, які першапачаткова туды прыйдуць.

«Эўрапейскі марш» дазволілі — гэта пазытыўная навіна, непрыемна толькі, што наша просьба не была задаволеная і нам далі ня той маршрут. Мы ўвесь час гаварылі пра мірны характар і неканфліктнасьць гэтай акцыі, таму і вырашылі пагадзіцца пайсьці на Бангалор. Яшчэ гэта робіцца з той прычыны, што на марш зьбіраецца прыехаць шмат афіцыйных прадстаўнікоў Эўрасаюзу. Мы хочам, каб яны выступілі на акцыі абсалютна легальна і законна», — адзначыў старшыня аргкамітэту Віктар Івашкевіч.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька сказаў, што хоць акцыя ўжо і дазволеная, але на мясцовым узроўні ўлады працягваюць палітыку «запалохваньня, рэпрэсій і правакацый». Ён нагадаў пра затрыманьні, якія гэтымі днямі адбываюцца ў Горадні, Гомелі і іншых гарадах.

«Мы ня мусім заплюшчваць на гэта вочы», — сказаў А.Лябедзька.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка ў сваім кароткім выступе засяродзіўся на пытаньні міжнароднай падтрымкі «Эўрапейскага маршу». Ён адзначыў, што пакуль рана гаварыць пра тое, хто менавіта з эўрапейскіх палітыкаў прыедзе 14-га ў Менск, бо пытаньне выдачы візаў для некаторых вырашаецца толькі цяпер. Вячорка таксама паведаміў, што днямі ён вярнуўся зь Бярозаўскага і Дарагічынскага раёнаў.

«Людзей найбольш хвалюе візавае пытаньне. Сёньня ўжо можна казаць зь вялікай доляй упэўненасьці, што з наступнага году шэнгенскія візы для беларусаў будуць каштаваць амаль у два разы даражэй, чым для ўкраінцаў і расейцаў, і гэтае пытаньне трэба вырашаць», — лічыць В. Вячорка.

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч сказаў наступнае:

«Я ў чарговы раз пераконваюся, што гэтыя ўлады ня вучыцца на сваіх памылках. У добрых адносінах з Эўропай сёньня зацікаўленыя ўсе, у тым ліку і ўлады. Адзінае патрабаваньне да апошніх — паводзьце сябе прыстойна. Але гэтага няма і блізка. Такая сытуацыя нагадвае мне вясковыя танцы, калі ўсім весела і хораша, але на ўсялякі выпадак хлопцы бяруць з сабой палкі, якія пакідаюць пад плотам. Калі такім хлопцам нешта не падабаецца на танцах, то яны бягуць за той палкай і пачынаецца бойка. Тое ж і ў нас. Перакананы, што «Эўрапейскі марш» прадэманструе, што Беларусь існуе і хоча жыць паводле эўрапейскіх нормаў».

Яшчэ вясной Аляксандар Мілінкевіч заяўляў, што больш ня пойдзе на Бангалор. Вось што ён сказаў на гэты конт:

«Для мяне гэта цяжкое маральнае пытаньне. Так, ісьці на Бангалор ня хочацца, але мне ня хочацца таксама выглядаць капрызьлівай паненкай ці тым, хто ня хоча адзінства, таму я пайду на Бангалор», — гаворыць А. Мілінкевіч.

Напрыканцы прэс‑канфэрэнцыі Віктар Івашкевіч паведаміў, што сёньня ж возьме брашурку «Што ЭЗ можа даць Беларусі?», а таксама рашэньне Менгарвыканкаму зь якім пойдзе ва ўнівэрсытэцкія і завадзкія прахадныя, каб агітаваць людзей прыйсьці на «Эўрапейскі марш».

«Спадзяюся, за інфармаваньне людзей пра рашэньне гарадзкіх чыноўнікаў мяне ніхто не затрымае», — жартуе В.Івашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?