У Токіа ва ўзросце 91 года памёр былы малодшы лейтэнант імператарскай арміі Японіі Хіраа Анода. Ён праславіўся тым, што адмовіўся паверыць у сканчэнне Другой сусветнай вайны і, верны прысязе, яшчэ 29 гадоў змагаўся ў джунглях на філіпінскай выспе Лубанг.

Бі-Бі-Сі

Бі-Бі-Сі

Толькі ў 1974 годзе былы камандзір Аноды, які спецыяльна прыляцеў дзеля гэтага на Філіпіны, пераканаў стойкага салдата скласці зброю. На радзіме яго сустрэлі як сапраўднага героя.

Калі Другая сусветная набліжалася да канца і амерыканскія войскі ўпэўнена прасоўваліся на поўнач, лейтэнант Анода апынуўся ў акружэнні на востраве Лубанг.

Нягледзячы на адчайнае становішча, малады афіцэр застаўся верны прысязе і тры дзесяцігоддзі адмаўляўся здацца ў палон.

Да канца вайны ў падначаленні ў Аноды заставалася трое салдатаў. Адзін з іх здаўся ў 1950 годзе, другі памёр, трэці загінуў у 1972 годзе ў сутычцы з мясцовым насельніцтвам, супраць якога атрад Аноды перыядычна праводзіў рэйды.

Самому Аноду шмат разоў прапаноўвалі здацца, але ён катэгарычна адмаўляўся скласці зброю.

Пазней ён прызнаўся, што лічыў адпраўленых да яго японскіх парламентарыяў правакатарамі, а ўлёткі з прапановай выйсці з джунгляў — варожай агітацыяй.

Быць можа, Хіраа Анода так ніколі і не вярнуўся б са сваёй вайны, калі б не яго былы камандзір, якога ўлады папрасілі вылецець на Філіпіны і асабіста аддаць загад стойкаму афіцэру скласці зброю.

У сакавіку 1974 г. Анода ў старой і зношанай ваеннай форме, якую ён не мяняў амаль 30 гадоў, адсалютаваў японскаму сцягу, перадаў свой баявы меч прэзідэнту Філіпін, і яго вайна на гэтым скончылася.

Улады Філіпінаў памілавалі яго — нягледзячы на незадаволенасць жыхароў Лубанга, супраць якіх Анода вёў сапраўдную партызанскую вайну, забіўшы ў сутычках 30 чалавек.

Пасля здачы ў палон былы афіцэр адправіўся ў Бразілію і працаваў там на ранча, а затым вярнуўся ў Японію, дзе арганізаваў курсы па выжыванні ў экстрэмальных умовах.

У снежні 1974 года на інданезійскім востраве Маратай быў выпадкова знойдзены іншы салдат японскай арміі, Тэру Накамура. Праўда, ён ні з кім не ваяваў, а ў поўнай самоце мірна апрацоўваў пасевы. Накамура быў родам з Тайваня, куды яго і рэпатрыявалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?