Надпіс клясычным правапісам і беларуская назва Менск упершыню зьявіліся на беларускіх грашах. Адноўленая таксама традыцыя выкарыстоўваць на беларускіх грашах беларускую лацінку і лаціну. Пра гэта ў сваім блогу напісаў Вінцук Вячорка.

21 лістапада 2013 году Нацыянальны банк выпусьціў манэты двух наміналаў: срэбную 20 Br (33,62 г) і мядзяна-нікелевую 1 Br (19,5 г). Выявы на іх аднолькавыя, прысьвечаныя слуцкім паясам. На рэвэрсе гэта стылізаваная выява вокладкі каталёгу з тэкстам: Каталёг выстаўкі слуцкіх паясоў Беларускага дзяржаўнага музэю. Красавік 1927 г. Г. Менск.

На рэвэрсе манэты таксама выяўлены фрагмэнт поясу з калекцыі Івана Луцкевіча, які быў паказаны Максіму Багдановічу, пасьля чаго ён напісаў верш «Слуцкія ткачыхі». На авэрсе адлюстраваны ўзор двухбаковага поясу, які выраблены на Слуцкай мануфактуры і знаходзіцца ў калекцыі Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.

Яшчэ адна пара манэтаў сэрыі «Слуцкія паясы» мае на рэвэрсе надпісы беларускаю лацінкаю — SŁUCK, лацінскаю моваю — IOANNES MADZARSKI ME FECIT SŁUCIÆ, старабеларускаю кірыліцаю — ЛЕО МАЖАРСКІИ ВЪ ГРД? СЛУЦК?. Усе ўзятыя з тканых пазнакаў на паясах.

Аўтар абедзьвюх манэтаў С. Някрасава. Манэты бітыя на Віленскай мынцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?