Продаж адбыўся без правядзення аўкцыёну. На дзяржпакет ААТ «Белгіпс» прэтэндавала таксама міжнародная група KNAUF. Новым уладальнікам прадпрыемства дзяржава прадставіла неверагодныя ільготы.

«Белгіпс» прададзены ТАА Карпарацыя «Волма» (Расія). Паводле афіцыйных звестак, пагадненне дасягнута «ў мэтах развіцця вытворчасці будаўнічых матэрыялаў на аснове гіпсу».

Дзяржаўны камітэт па маёмасці паведаміў, што канчатковае рашэнне аб продажы прадпрыемства менавіта расійскай кампаніі «Волма» прыняў прэзідэнт.

«Прэзідэнту паведамілі аб удзельніках і тым, што яны прапанавалі, і ўжо прэзідэнт прыняў канчатковае рашэнне», — паведамілі ў ДКІ.

Кошт пакета акцый — 5.270.000 даляраў. Аднакш у падобных прыватызацыйных дамовах галоўную ролю адыгрывае не цана, а ўмовы прыватызацыі.

Пакупнік абавязваецца мадэрнізаваць вытворчасць, а таксама пабудаваць новы завод па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў на аснове гіпсу ў пасёлку Гатава Мінскага раёна. Для гэтага «Волма» павінна інвеставаць у Белгіпс ня менш за 43 млн. еўра да ліпеня 2018 года.

Акрамя таго, пакупнік абавязаны да 1 ліпені 2018 г. не скарачаць колькасць працоўных месцаў на прадпрыемстве.

Некаторыя ўмовы інвестыцыйнай дамовы можна назваць навінкай чарговага прыватызацыйнага перыяду ў гісторыі РБ.

Напрыклад, пакупнік згодны з абмежаваннем права на распараджэнне акцыямі «Белгіпс» на час выканання сваіх абавязкаў. Акрамя таго, «Волма» згаджаецца, што ў выпадку парушэння сваіх абавязанняў, акцыі Белгіпс могуць быць вернуты ва ўласнасць Беларусі бясплатна.

Зрэшты, такую памяркоўнасць пакупніка можна растлумачыць прадстаўленымі для «Белгіпс» ільготамі.

Акрамя традыцыйнага вызвалення і ільгатавання ПДВ па ўсіх аперацыях, звязаных з рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта, «Белгіпс» таксама вызваляецца з 2017 да 2022 года ад падатку на прыбытак, атрыманы ад рэалізацыі тавараў уласнай вытворчасці. Акрамя таго, прадпрыемства не будзе плаціць да 2019 года арэндную плату за зямельныя ўчасткі.

Але самай характэрнай ільготай з'яўляецца наступная: Белгіпс на працягу сямі гадоў з даты заключэння дагавора вызваляецца ад абавязковага продажу замежнай валюты, якая паступіла ад экспарту прадукцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?