«Наша Ніва» пагутарыла з аўтарам кнігі.

«НН»: Вы займаліся бізнэсам у Расіі, пісалі прозу, даследавалі рэпрэсіі, якія напаткалі інтэлігенцыю, медыкаў, настаўнікаў, святароў. Што падштурхнула заняцца гісторыяй галоўнага мінскага праспекта?

ЛМ: Працуючы над тамамі, якія прысвечаны рэпрэсаваным, заўважыў, што ў асабістых справах часта сустракаецца вуліца Савецкая. Таму вырашыў стварыць даведнік па рэпрэсаваных, які там жылі (500 чалавек). Рабочая назва была «Рэпрэсаваныя на вуліцы Савецкай. 1919-1939» (перыяд ад абвяшчэння БССР да пачатку Другой сусветнай вайны). Калі пачаў вывучаць біяграфіі рэпрэсаваных, зразумеў, што трэба ведаць іх жыццё да Кастрычніцкага перавароту. Пакрысе, год за годам, пачаў вяртаўся ў мінулае. Урэшце спыніўся на 1880 годзе.

«НН»: Чаму?

ЛМ: Гэты год стаў пераломным для Мінска.

Да таго часу цяперашняя сталіца Беларусі з’яўлялася даволі ціхім, правінцыйным горадам. Як толькі праз горад праклалі чыгунку, пачаўся прамысловы рост. Мясцовыя яўрэі прыцягнулі ў будаўніцтва грошы. За 30 гадоў Мінск змяніўся і прайшоў шлях, на які асобным заходнім гарадам спатрэбіліся некалькі стагоддзяў.

Па якасці дамоў, дызайну, агульнаму ўзроўню архітэктуры цэнтр Мінска не надта адрозніваўся ад Берліна, Санкт-Пецярбурга, Масквы. Наогул, за першыя дзесяць гадоў ХХ стагоддзя ў цэнтры было пабудавана больш дамоў, чым за дваццаць гадоў савецкай улады. А 1940 год быў выбраны таму, што

паміж даваенным і пасляваенным Мінскам амаль няма пераемнасці. Гэта два розныя гарады.

Пакрысе даследаванне пра рэпрэсаваных пераўтварылася ў кнігу пра мінскую інтэлектуальную эліту, якая жыла на Савецкай вуліцы.

«НН»: Як ішла праца над кнігай?

ЛМ: Калі я пачаў працу, перад вачыма быў цяжкі вопыт выбітнага архівіста Віталя Скабалана. Ён казаў, што яшчэ ў 1980-я гады спрабаваў скласці такую кнігу. Зрабіў першыя дамы. Але потым пачыналася плошча Леніна, на якой было ўсё разбурана. Скабалан параіў не губляць дарма часу. Таму вырашыў зрабіць «Галоўную вуліцу» любой цаной, даказаць, што маладое пакаленне цяжкасці не стрымаюць. І праца будзе зроблена любой цаной.

Каб не звар’яцець ад аб’ёму інфармацыі (кніга налічвае некалькі сот тысяч лічбаў), разбіў Савецкую вуліцу на 14 кварталаў.

Першы том ахоплівае 5 кварталаў: ад пачатку вуліцы Савецкай (Захар’еўскай) да Камсамольскай (Багадзельнай). Другі том прысвечаны астатнім 9 кварталам.

Праца над даведнікам ішла больш за тры гады па дзесяць – пятнаццаць – дваццаць гадзін у суткі без выходных і адпачынкаў. А дагэтуль дзесяць гадоў збіраў матэрыялы пра лёсы рэпрэсаваных.

Атрымаўшы сігнал першага тома, змог праглядзець толькі першы квартал.

Было такое ўражанне, што звесткі сабраў не я, а хтосьці іншы. Сотні фотаздымкаў, ілюстрацый (большасць з іх каляровых), сотні лёсаў (звычайна трагічных). Часам дзеля аднаго ці двух фотаздымкаў даводзілася ехаць у Маскву, Вільню, Варшаву.

«НН»: У чым адметнасць «Галоўнай вуліцы Мінска»?

ЛМ: Выкарыстоўваў у працы некалькі прынцыпаў. Вуліца была падзелена на 28 участкаў (кожны з 14 кварталаў падзяляўся на дзве часткі па левы і правы бок вуліцы) У кожным участку імкнуўся адшукаць сенсацыйную гісторыю з нечаканым фіналам.

Напрыклад,

набываючы квіткі на «Пана Тадэвуша», апошнюю прэм’еру Купалаўскага тэатра, цяжка ўявіць, што яго будынка магло зусім не існаваць.

1881 годам датавана прашэнне калежскага рэгістратара Акуліча ў Мінскую гарадскую ўправу.

Акуліч прасіў аб дазволе на пабудову каля Аляксандраўскага сквера «полотняного балагана для помещения коров для продаже публике парного молока».

На шчасце, ідэю адхілілі, а ў 1888 годзе пачалі будаваць Мінскі гарадскі тэатр.

«НН»: У кнізе сустракаюцца ўспаміны месцічаў сталага веку, які друкуюцца ўпершыню. Якія падрабязнасці можна з іх даведацца?

ЛМ: У кожным з каля трох соцень дамоў імкнуўся знайсці цікавага жыхара ці звязаны з ім выпадак. Гэта другая адметнасць кнігі. Успаміны жыхароў дазваляюць даведацца пра падрабязнасці побытавага жыцця. Напрыклад, як у 1930-я гады выглядала вуліца Савецкая.

Яна ўжо тады была чыстай: добра працавалі дворнікі. Хоць сметніц было няшмат, яны знаходзіліся толькі на буйных перакрыжаваннях. Амаль не было кветак: толькі ў скверы ля гарадскога тэатра, а таксама ва ўласных палісадніках. Аўтамашын было мала, асноўны рух складалі коні з калёсамі і вазніцы. Драўляны тратуар на вуліцы Савецкай быў толькі з аднаго боку.

Нягледзячы на тое, што савецкая ўлада афіцыйна ліквідавала беспрацоўе, сустракаліся жабракі. Яны стаялі звычайна каля кінатэатра, крамаў ці стаялі ў саміх крамах.

Трэцяя асаблівасць «Галоўнай вуліцы» звязана з яе перанасычанасцю гіпертэкстам: подпіс да фотаздымка звычайна большы, чым сам фотаздымак.

Напрыклад, я публікую фота Першага дома спецыялістаў на перакрыжаванні сучаснай вуліцы Казлова і праспекта Незалежнасці. Такі дом – аналаг маскоўскага «Дома на набярэжнай», у якім жыла савецкая эліта. Кожны паверх, кожнае акно — і біяграфія людзей, якія там жылі. Часцей за ўсё трагічныя, бо жыхары амаль усіх 100 кватэр дома былі рэпрэсаваныя. Напрыклад,

калі арыштоўвалі матэматыка, прафесара Дыдырку, яго жонка страшна галасіла, біла кулакамі па сценах і клікала суседзяў на дапамогу. Чэкісты запомнілі праблемы, якія яна для іх стварыла. У лагер яе адправілі з «рэкамендацыямі», выконваючы якія «вертухаі» хутка забілі жонку матэматыка.

«НН»: Вы збіраецеся працягваць свае даследаванні мінскіх вуліц?

ЛМ: Цяпер ідзе праца над кнігай пра плошчу Свабоды. Часавыя прамежкі – такія ж самыя (1880—1940). Аб’ём выдання мусіць быць такі ж, як і пра Савецкую вуліцу.

Бо на яе асобных частак стаялі аднапавярховыя дамы. А на плошчы – суцэльныя трох і чатырохпавярховікі. Выбар тлумачыцца проста. З пачатку XVI стагоддзя плошча Свабоды з’яўлялася цэнтрам горада. А таму разам з даследаваннем вуліцы Савецкай дазволіць скласці ўяўленне пра стары Мінск.

Чытайце таксама:

«Сярэднявечная інквізіцыя здаецца дзіцячай забавай»

«Маці насіла перадачы сыну два гады пасля расстрэлу»

Калі Мінск быў Нью-Ёркам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?