Высьвятляецца, што ня толькі мне, працаголіку:), ня шэнціць ухапіць увечары ў краме малака мясцовай вытворчасьці ды ня надта дарагога сыру. Аб праблеме, закранутай ў постынгу пра "ліхтарат" і рацыён, загаманіла шырокая прэса.

Выглядае на тое, што працэс пайшоў, і малочная мікракрыза — толькі адна з праяваў распаўзаньня па швох анахранічнай "беларускай эканамічнае мадэлі". Яна трывала, покуль ставала нафтадаляраў ды таннага газу. Цяпер пачаліся разбалянсоўкі, і элекатарат, адвыклы ўжо ад дэфіцытаў, зноў пачынае згадваць пра часы, калі высокае начальства толькі бралася за яйцы, як масла зьнікала:)

Але сёньня ручны рэжым кіраваньня эканоміку не ўратуе. Рынкавыя ж рэгулятары так і не запусьцілі.

Хацелі, вядома, як лепей. Аграрную палітыку, напрыклад, тлумачылі клопатам пра селяніна. Не дадзім, маўляў, калгасную вёску на зьяданьне драпежнаму рынку.

Але рынак усё адно прыйшоў — і зараз бярэ краіну безабароннай. Датацыйнае шчыраваньне вылезла бокам. "Прадукты будуць даражэць, інакш яны зьнікнуць зусім", — прагназуе Аляксандар Ярашук ("у ранейшым жыцьці" — моладзь ужо і ня ведае — аграрнік).

Што канкрэтна да малочнай праблемы, дык соль коратка і выразна сфармуляваў эканаміст Міхал Залескі: "Мы датуем кожны літар малака, якое вырабляюць калгасы. А потым – гэтую датацыю аддаем іншай дзяржаве, калі прадаем туды малако. Датацыя ж патрэбна таму, што мы маем самую неэфэктыўную ў сьвеце сыстэму гаспадараньня – калгас".

Можна было б нават напісаць тут "Калгас" зь вялікай — як сымбаль. Тое, што "беларускую мадэль" закілбасіла менавіта на малацэ, тлумачыцца зьбегам акалічнасьцяў. А вось тое, што закілбасіла — сумная заканамернасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?