У планах беларускіх улад ёсць дэнамінацыя нацыянальнай валюты — «адкідванне трох ці чатырох нулёў і набліжэнне да больш цывілізаванай валюты». «Мы гэта не ўтойваем», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі беларускіх СМІ.

Паводле яго слоў, ужо ёсць аддрукаваныя рублі і капейкі. Выглядаць новыя грошы будуць «неяк блізка да еўра», адзначыў прэзідэнт, бо спецыялісты лічаць, што такі іх выгляд найболей прымальны.

Але ўмовы для правядзення дэнамінацыі яшчэ не саспелі, лічыць Аляксандр Лукашэнка, — не такая добрая сітуацыя ў эканоміцы, ёсць пэўныя трывогі ў насельніцтва.

«Нават калі сёлета адчуем, што эканоміка стала нармальнай, вам за паўгода абвесцім, — паабяцаў кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе абвяшчэнне дэнамінацыі. — Будзем яшчэ выбіраць, тры ці чатыры нулі адкінуць».

Такім чынам, як было адзначана на сустрэчы, у выніку дэнамінацыі курс беларускага рубля можа ўстанавіцца як адзін да аднаго ці адзін да дзесяці ў дачыненні да долара ЗША.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аб правядзенні дэнамінацыі насельніцтву будзе абвешчана за паўгода да яе даты, а потым яшчэ на працягу года будуць паралельна хадзіць новыя і старыя купюры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?