Гаворачы аб спадзе росту эканомікі ў Беларусі ў 2013 годзе, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што яго прычынамі з'яўляюцца як сусветны крызіс, які закрануў і расійскі, і еўрапейскі рынкі — асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, так і спад вытворчасці ў сувязі з недаатрыманнем расійскай нафты для загрузкі беларускіх НПЗ і з сітуацыяй у калійнай сферы.

«Расія абмежавала пастаўкі нафты на нашы заводы, няхай няшмат, на пару-тройку мільёнаў тон мы атрымалі менш нафты», — сказаў ён. Што датычыцца сферы калійных угнаенняў, то тут недаатрымана $1,5—1,7 млрд. «Гэта тыя грошы, якіх нам не хапала, і ў народа з'явілася нейкая фобія, што будзе дэвальвацыя. Якраз гэтых грошай не хапала», - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што папярэднія гады эканоміка Беларусі прырастала ў 9,8—11 працэнтаў, як Кітайская Народная Рэспубліка. «Мы ёй нават не ўступалі, гэта быў самы высокі рост. Я пабойваўся перагрэву эканомікі. Але мы тады вельмі добра прырасталі, добра займаліся вытворчасцю, правялі мадэрнізацыю некаторых буйных прадпрыемстваў, ад якіх цяпер залежыць наша жыццё. Шмат тады зрабілі, шмат будавалі, і будавалі танна, і зарплата была не меншай за $500. Гэта быў шалёны рост нашай эканомікі. І мы на сённяшні дзень ужо больш як у два разы пераўзышлі ўзровень савецкага перыяду, адзіная постсавецкая рэспубліка.

Пасля такіх шалёных тэмпаў, зразумела, надыходзіць нейкі спад, ва ўсіх дзяржавах, і нам трэба было пераходзіць не проста на аб'ёмны рост эканомікі, а на якасны рост. Але вельмі шкада, што гэта супала з другой хваляй крызісу ў асноўных нашых партнёраў», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што, нават калі б не было сусветнага крызісу, у эканоміцы Беларусі назіраўся б спад.

«Мы дасягнулі нейкага максімуму ў развіцці нашых прадукцыйных сіл і аддачы ад іх. І мы будзем расці, напэўна, да 5 працэнтаў, наўрад ці мы дабавім больш, таму што ў асноўным у нас апрацоўчая прамысловасць, і калі мы шмат прырастаем, па імпарту давядзецца шмат закупляць. Ці варта гэта рабіць? Мы знайшлі нейкую раўнадзейную», — сказаў Лукашэнка. У той жа час ён прызнаў, што ў мінулым годзе было ажыццёўлена няправільнае планаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?