Што магло б быць, калі б гісторыя склалася іначай? На пытаньні Радыё Свабода адказвае гісторык, дасьледнік гісторыі БНР Уладзімер Ляхоўскі.

***

Калі, пры якіх умовах БНР магла б сапраўды адбыцца? Што ў гісторыі мусіла павярнуцца трошкі іншым бокам? Якія былі шанцы?

Ляхоўскі: У 1918 годзе беларускай эліце было вельмі цяжка дасягнуць гэтай мэты з шэрагу прычын. Падчас Першай сусьветнай вайны была зруйнаваная эканоміка. У бежанства трапіла больш за 1,5 мільёна чалавек, 400 тыс. зь іх не вярнуліся на Бацькаўшчыну. Каля 800 тыс. былі мабілізаваныя ў расейскую армію, зь іх 100 тыс. загінулі на франтах Першай сусьветнай вайны. Далей трэба зазначыць, што не сфармаваўся ўвесь палітычны спэктар беларускіх партый — дамінавалі толькі левыя радыкалы, гэта таксама паўплывала на рэалізацыю гэтай ідэі. І яшчэ — не было таго лідэра, які б мог згуртаваць вакол сябе прыхільнікаў беларускай незалежнасьці. Чытаючы цяпер лісты Доўнар‑Запольскага я адразу адзначаю, што нават ён, непрафэсійны палітык, быў на галаву вышэйшы за тых маладых дзеячоў, якія стаялі ля стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Вы растлумачылі прычыны, чаму БНР ня здолела рэалізавацца. Але ці былі наагул нейкія шанцы? Што мусіла адбыцца інакш? Калі ня ўнутраныя, дык можа зьнешнія фактары?

Ляхоўскі: Я — пэсыміст. Я лічу, што адзіны шанец — гэта калі адкруціць час не да 1918 году, а да 1914‑га. Калі б Мікалай ІІ паслухаў Сталыпіна ці Дурнаво і не ўцягнуўся ў Першую сусьветную вайну. Гэта быў бы адзіны шанец — варыянт таго, пра што думаў Луцкевіч, калі б Расея эвалюцыянавала да фэдэрацыі паводле мяккага сцэнару. Тады б да сярэдзіны 1920‑х гадоў Беларусь і Літва ўжо мелі б шырокую аўтаномію, мелі б свой Сойм. Далей — Першая сусьветная вайна. Калі б яе не было, не было б і Другой сусьветнай вайны, не было б Галакосту, не было б таго, што беларуская эканоміка і насельніцтва так моцна пацярпелі ад гэтых войнаў і ў міжваенны час. Тады да пачатку 30‑х была б праведзеная беларусізацыя, сфармавалася б новая палітычная эліта і нашчадкі Івана і Лук’яна Саланевічаў ужо б размаўлялі па‑беларуску і не вызнавалі б тых поглядаў, якія вызнавалі гэтыя дзеячы.

Якія сюжэты з гісторыі найбольш Вас захапілі? Што магло б стацца асновай літаратурных твораў?

Ляхоўскі: Мяне цікавіць постаць Рамана Скірмунта. Калі ён меў магчымасьць узначаліць кабінэт міністраў — у яго была вельмі прагматычная праграма — і ў сельскай гаспадарцы, і ў адукацыі. Думаю, што гэтая асоба заслугоўвае вялікай увагі.

Паводле Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0