1 кастрычніка

На суткі за раздачу газэты

Шэсьць сябраў гарадзенскай абласной філіі АГП былі затрыманыя ў часе раздачы газэты «Свабода Беларусі» на гарадзкіх рынках. Кіраўніка абласной арганізацыі Юрыя Істоміна і яго намесьніка Андрэя Янушкевіча пакінулі на ноч у пастарунку. Суд Ленінскага раёну Горадні пакараў А. Янушкевіча штрафам у памеры 3 базавых велічынь. Ю.Істомін у судзе Кастрычніцкага раёну атрымаў 5 сутак адміністарацыйнага арышту.

2 кастрычніка

Клімаў застанецца за кратамі

Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў прысуд палітзьняволенаму Андрэю Клімаву. Наступныя два гады ён правядзе ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Апазыцыянэр абвінавачваецца ў закліках да зьвяржэньня дзейнай улады. Судовы працэс адбываўся за зачыненымі дзьвярыма, у залю былі дапушчаныя жонка Клімава Тацяна й адвакат. Гэта трэці па ліку крымінальны прысуд супраць А. Клімава.

3 кастрычніка

Да чытача празь міліцыю

Раніцай непадалёк ад расейска‑беларускай мяжы супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі затрымалі наклады газэтаў «Товарищ» і «Народная воля», што везьлі ў Беларусь са Смаленску. У Дубровенскім РУУС у прысутнасьці начальніка міліцыі наклады газэт зьверылі з дадзенымі таварна‑транспартных накладных. Пасьля гэтага аўто з газэтамі адпусьцілі.

5 кастрычніка

Севярынцу адмовілі

Берасьцейскі абласны суд не задаволіў скаргу Паўла Севярынца на рашэньне суду Маскоўскага раёну Берасьця, які прысудзіў палітыка да 15 сутак арышту «за парушэньне ўстаноўленага парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу году». Таксама абласны суд пакінуў безь зьмяненьняў рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі ў адносінах да двух удзельнікаў сустрэчы з П.Севярынцам, што прайшла ў Берасьці 19 жніўня, — Юрася Бакура, які быў аштрафаваны на 3 базавыя велічыні, а таксама Любові Праневіч (ёй было вынесена папярэджаньне).

Ператрэсьлі гомельскую АГП

У Гомелі супрацоўнікі УКДБ наладзілі ператрус на офісе абласной арганізацыі АГП. Ператрус ладзілі супрацоўнікі КДБ капітан Андрэй Юрэвіч і маёр Юры Назарэнка, якія прад’явілі санкцыю пракурора Гомельскай вобласьці Алега Палавінкі. Супрацоўнікі КДБ патлумачылі, што сьледчыя мерапрыемствы на офісе АГП адбываюцца ў рамках крымінальнай справы, заведзенай у дачыненьні асобаў, што дзейнічаюць ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт».

Саўмін недатыкальны

Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў скаргу Беларускага Хэльсынскага камітэту на Савет міністраў і Міністэрства фінансаў. Прадстаўнік Саўміну на разгляд справы нават не зьявіўся. Нагадаем, тры гады таму БХК абклалі падаткам на замежную дапамогу паводле праграмы ТАСІС. Між тым, раней з гэтай дапамогі падатак ня бралі. Улада патлумачыла новаўвя¬дзеньне зьменамі ў закон аб падаткаабкладаньні, якія ўнёс парлямэнт.

Арыштаваную маёмасьць БХК ацанілі ў 250 тыс. руб. Адначасова суд пастанавіў спагнаць з арганізацыі 155 мільёнаў рублёў падаткаў і штрафаў за іх няўплату. Рахунак БХК арыштавалі, а супраць яе кіраўнікоў завялі крымінальную справу. Потым яе закрылі, але старшыня БХК Тацяна Процька не выключае, што справу ў любы момант могуць аднавіць.

Свабоду прэсе

У Смалявічах у цэнтральным сквэры прайшла акцыя ў падтрымку незалежнай прэсы пад назвай «Чытаем свабодную прэсу». Тузін актывістаў грамадзянскай кампаніі «За Свабоду» дэманстратыўна чыталі газэту «Свабода». Па заканчэньні акцыі міліцыянты затрымалі восем чалавек. Праз гадзіну маладых людзей вызвалілі, газэты сканфіскавалі.

Шукалі ўгнаеньні

У Сьветлагорску міліцыя правяла ператрус у кватэры мясцовага актывіста Тэльмана Масьлюкова. Участковы інспэктар, старшы лейтэнант Дзяніс Каткавец і сьледчы, лейтэнант Дзьмітры Казак шукалі кайстры зь мінэральнымі ўгнаеньнямі ў кніжных шафах. Раней сваяк Масьлюкова фігураваў у справе крадзяжу мінэральных угнаеньняў. Тады справу спынілі за адсутнасьцю складу злачынства. Варта нагадаць, што ў верасьні Т. Масьлюкова выклікалі на допыт у КДБ паводле крымінальнай справы «Маладога фронту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0