Кіроўца Міхаіл Гайдукоў (стаж — 33 гады) і фельчар Анжаліка Кузмянкова (стаж — 20 гадоў)

Кіроўца Міхаіл Гайдукоў (стаж — 33 гады) і фельчар Анжаліка Кузмянкова (стаж — 20 гадоў)

Дыспетчар хуткай Галіна Валодчанка (стаж — 18 гадоў на «хуткай»)

Дыспетчар хуткай Галіна Валодчанка (стаж — 18 гадоў на «хуткай»)

Сталічныя работнікі хуткай дапамогі скардзяцца на нізкі заробак, маўляў, за працу на паўтары стаўкі ім плацяць каля 3,5 мільёна рублёў. Афіцыйныя асобы пярэчаць: доктар на «хуткай» за паўтары стаўкі мае больш за 7 мільёнаў рублёў, а сярэдні медыцынскі персанал — каля 5 мільёнаў.

А як працуецца ў райцэнтрах? Мы накіраваліся ў Добруш, каб даведацца, ці задавальняюць людзей у правінцыі ўмовы працы і заробак.

Нашыя фельчары — як дактары

У Добрушскай цэнтральнай раённай бальніцы нас сустракае намесніца галоўнага доктара Ала Маскаленка. «Насельніцтва раёна, а гэта больш за 38 тысяч чалавек, абслугоўвае тры з паловай брыгады хуткай дапамогі. У Добрушы знаходзіцца аддзяленне «хуткай», а ў гарадскім пасёлку Церахоўка — пост, там дзяжурыць адна брыгада», — расказвае яна.

На балансе медыкаў пяць аўтамабіляў — «Газелі», УАЗік і адзін «Фіят» (дзякуй гуманітарнай дапамозе).

Ніводнага доктара ў брыгадах няма, толькі 15 фельчараў. «Гэта вельмі вопытныя спецыялісты, вядома ж, па 15—20 гадоў працуюць на адным месцы! І роды прымалі, і ціск збівалі, і дзяцей забіралі ў бальніцу з тэмпературай — так ці іначай кожны сутыкаўся з «хуткай», дый не раз. Па прафесіяналізме і практычным вопыце наўрад ці яны саступаюць дактарам», — пераконвае Ала Маскаленка.

Добруш знаходзіцца непадалёку ад Гомеля, усяго 30 км, таму і амаль цалкам укамплектаваны спецыялістамі.

«Наш раён лічыцца чарнобыльскім, таму мы давалі выпускнікам нашых школ мэтавыя накіраванні ў медуніверсітэт. Цяпер вярнуліся дахаты, працуюць. У «запасе» вучацца наступныя нашы студэнты, яшчэ на пяць гадоў хопіць спецыялістаў», —кажа намесніца галоўнага доктара.

Паводле яе словаў, сярэдні заробак у фельчараў «хуткай» — 4,6 мільёна рублёў, кіроўцы і санітаркі маюць каля 3,8 мільёна. Гэта з улікам «чарнобыльскай» надбаўкі (да 25%) і працэнтаў за складанасць і напружанасць працы.

 

На працоўным месцы

Аддзяленне «хуткай» размешчана ў будынку мясцовай паліклінікі. Там некалькі пакояў — дыспетчарская, працэдурная, асобныя пакоі адпачынку для кіроўцаў і для фельчараў. У пакоі для фельчараў — лядоўня, мікрахвалёўка, чайнік. За суткі ў сярэднім на раённую «хуткую» паступае 34 выклікі. Служба часам мае патрэбу ў дапамозе «экстранных» калег. Так, да неадэкватных кліентаў, якіх у райцэнтры ўжо добра ведаюць, выязджае «хуткая» з міліцыянерам. Часам патрабуецца і дапамога ратавальнікаў.

Экскурсію па аддзяленню хуткай дапамогі праводзіць для нас старэйшая фельчарка Таццяна Барсукова. Яна працуе на «хуткай» ужо 29 гадоў.

«Цяпер я не працую на выездзе. А раней едзеш — і не ведаеш часам, што там цябе чакае: цяжкія траўмы, прыпыненне дыхання, ацёк лёгкіх, наркаманы ці алкаголікі. Рыхтуешся па апісаных сімптомах да аднаго, а там зусім іншае. Вось пенсіянерка скардзілася на высокі ціск, сардэчны боль, прыехалі — а ў яе ацёк лёгкіх, булькаючае дыханне, мокрая ўся. Аварыі часам страшныя, калі людзей па кавалках збіраюць. Цяжка, калі дзеткі пакутуюць, але на працы — ніякіх эмоцый, прыехаў — працуеш, дапамагаеш таму, каму цяжэй. Ні пра што іншае ў такі час не думаеш. Здараецца, што пры аварыі дапамога перадусім патрэбная «лёгкаму», які маўчыць, ціха стогне і ні на што не скардзіцца, маўляў, нічога не баліць. Ён можа знаходзіцца ў стане шоку, а таму быць «цяжэйшым» за таго, хто крычыць і скардзіцца. Эмоцыі, разважанні, шкадаванне людзей — гэта ўжо калі прыходзіш з працы дадому», — тлумачыць старэйшы фельчар.

 

Нон-стоп на тэлефоне

У аддзяленні знаёмімся з дыспетчаркай Галінай Валодчанкай. На гэтым месцы яна працуе васямнаццаты год. Дзяжурства — 12 гадзін, з 9-й раніцы да 9-й вечара, ці наадварот. За папярэднюю ноч на «хуткай» было сем выклікаў: ныркавыя колікі, роды, высокі ціск ў пенсіянераў, тэмпература ў дзяцей. Высокі ціск, бадай, самая частая прычына набору «103» на тэлефоне. У 5:23 — выклік на роды. Жанчыну павезлі ў Гомель, бо мясцовае радзільнае аддзяленне на рамонце. «Праца экстрэмальная, але цікавая», — кажа Галіна Пятроўна. Яна звяртае ўвагу, што ўсе званкі ў «хуткую» запісваюцца. «Бывае, людзі накрычаць, аблаюць, а потым на цябе ж скаргу напішуць, вось такія запісы дапамагаюць, дысцыплінуюць як хворых, так і нас», — смяецца Галіна Пятроўна.

А тыя, хто звяртаецца па тэлефоне спецыяльнай службы «103», натуральна, розныя людзі.

Некаторым сапраўды трэба неадкладная дапамога, а іншым — проста сумна ці зрабілася блага ад штодзённых п’янак, ці проста хочацца прыцягнуць да сябе ўвагу.

«Напрыклад, нядаўна тэлефануе жанчына, маўляў, у мяне ціск. Я пытаюся, які менавіта ціск. А яна: вось прыедзеце і ўбачыце! Удакладняю: ці прымалі нейкія лекі? А яна: чаго я вам буду справаздачы даваць! Часам п’яныя тэлефануюць. Тады просім перадаць трубку некаму побач, хто ў адэкватным стане. А ёсць і сталыя кліенты, якія могуць выклікаць хуткую па шэсць разоў на дзень, калі нешта недзе кальнула. А некаторыя тэлефануюць паскардзіцца на сямейныя праблемы. Маўляў, муж п’яны, я нярвуюся, што рабіць?» —распавядае дыспетчарка.

Нашу размову перапыняе званок. «Што ў вашага мужа баліць?» — «Сэрца, ціск высокі». — «А ён якія-небудзь лекі прымае?» — «Так, доктар выпісваў, але ён адмаўляецца прымаць. Што рабіць?» —заклапочана пытаецца жанчына на тым канцы.

Зноў званок. Жанчына просіць парады, што выпіць ад высокага ціску. Дыспетчар выпытвае: што выпісваў доктар, ці пакутуе жанчына яшчэ на нейкія сур’ёзныя захворванні, ці ёсць алергія?

Чарговы званок — з вясковага ФАПа. Высокі ціск у бабулькі, дыспетчар кансультуе работніцу ФАПа: якія лекі даць, як пакласці бабулю, калі зноў праверыць ціск.

Часам, па словах Галіны Валодчанкі, «103» набіраюць дзеці, каб выратаваць сваіх бацькоў.

Так дзяўчынка патэлефанавала, што маці страціла прытомнасць, а ў яе цукровы дыябет. Неяк 10-гадовы хлопчык паведаміў, што ў бацькі эпілептычны прыпадак — чалавеку ўдалося дапамагчы ў час.

Зноў званок з вясковага ФАП. У наведніцы баліць галава. «А яна стукнулася недзе, траўма ў яе? Ціск які? На што яшчэ скаргі? Патрабуе, каб «хуткая» прыехала?» —удакладняе дыспетчарка.

Новы год на «хуткай» праводзілі і сустракалі напружана. Першы выклік у 00:25 — высокі ціск. Праз 25 хвілін пералом нагі. Яшчэ праз 10 хвілін — зноў пералом у адной з вёсак. Праз гадзіну выклік са скаргамі на высокі ціск. І ўжо 1 студзеня раніцай — самагубства. Чалавек памёр да прыезду брыгады. Так для кагосці Новы год наступіў —і тут жа стаў апошнім.

Гаворым пра сезонныя выклікі. Галалёд — і як вынік пераломы і вывіхі, ДТЗ. Працяглыя выходныя — і тады пацярпелыя ад ужывання алкаголю без меры.

 

Хворыя і разявакі

Да нашай гутаркі падключаецца кіроўца «хуткай» Міхаіл Гайдукоў. Стаж працы на «хуткай» — 33 гады. «Бывае, што праз 2—3 дні пасля Вялікадня ідуць выклікі на боль у жываце, абвастрэнне захворванняў страўніка, кішэчніка. Некаторыя людзі трымаюць строгі пост перад Вялікаднем, але затое і гуляюць потым без меры, як апошні раз», — узгадвае кіроўца.

Мікалай не заўсёды сядзіць за стырном — і роды дапамагаў прымаць сярод дарогі, і пакалечаных-параненых насіць.

«Адзін сігануў з балкона — ногі зламаў, затым неяк у пад’езд запоўз. Прыехалі: натоўп разявак, здымаюць на мабільныя тэлефоны. Удвух з фельчаркай пагрузіць яго на насілкі нерэальна — просім у людзей дапамогі. А адзін такі пісьменны кажа: а чаго мы будзем дапамагаць — гэта ваша праца, вашы абавязкі. Ці хворы на дарозе ляжыць — страціў прытомнасць, ці п’яны, ці пералом у галалёд, дык дапамагчы няма каму. Часам, калі аказваем дапамогу на вуліцы, нас на мабільныя здымаюць разявакі. Ім цікава, ці слушна мы ўсё робім», —заўважае Міхаіл Іванавіч.

Пра часам смешныя, а часам ледзь не трагічныя выпадкі ўзгадвае фельчарка Анжаліка Кузьменка.

«Выязджалі на выклік «тэрмінова дапамажыце, вельмі жывот баліць, страшна!» Прыехалі, а таго чалавека і дома няма, недзе збег ужо. Ці прыехалі — а той «паміраючы» спіць ужо, як бы нічога і не было. Да некаторых хворых перад нашым візітам «чорцікі» наведваюцца. Вось так прыехалі, а ён размаўляе з «чортам», які «сядзіць» у яго на канапе. І на нас пачаў сварыцца: «Ды не шамаціце паперамі! Вы ж майго чорціка спалохаеце!» У моладзі часам псіхіка — ніякая. Жывуць у віртуальным свеце, губляюць сувязь з рэальным. Вены рэжуць, хоць часам гэта і робяць публічна, паказушна — так жа цікавей», —кажа Анжаліка Мікалаеўна.

На яе калегу адзін хворы (інвалід у вазку) неяк з патэльняй кінуўся. Прыехалі на выклік, нешта хвораму не спадабалася — вось, нічога не кажучы, і шпурнуў чыгунную патэльню ў галаву жанчыне. Ледзь паспела адскочыць.

Ёсць людзі, якія жывуць самотна (не лічачы бутэлек). Яны так часам забаўляюцца — выклікаюць службы «101», «102», «103» —там ўсе спецыяльныя службы могуць і сустрэцца, ля дома такога «самотнага забаўніка».

 

Грошы і пакліканне

Гаворым з калектывам пра заробкі, узгадваем пра пратэсты іх сталічных калег. Работнікі раённай «хуткай» пра гэта нават не чулі. Фельчары кажуць, што «хуткая» —іх прызванне, інакш бы яны даўно адсюль збеглі, а не працавалі па дваццаць гадоў. За гэтыя гады, сцвярджаюць медыцынскія работнікі, яны сталі адной сям’ёй, ведаюць і большасць хворых.

«Праца наша цяжкая, складаная, бо з людзьмі працаваць заўсёды нялёгка, а тым больш з хворымі. Але і цікавая. Ды і куды нам па-дзецца? Мы толькі гэта і ўмеем рабіць — дапамагаць людзям», — упэўнены добрушскія работнікі.

«А колькі мінскія на «хуткай» атрымліваюць? Афіцыйна каля сямі мільёнаў? А неафіцыйна — нашмат менш? Ну, у Мінску і жыць даражэй. Канечне, мы б ад павелічэння заробку не адмовіліся. Грошай ніколі не бывае шмат», — разважаюць фельчары і задумваюцца: каля пяці мільёнаў (са стажам у 20 гадоў) для райцэнтра — гэта нармальна ці не?

Тым часам паступіў выклік — бабулька вывіхнула руку. Размовы скончаныя. Аўтамабіль «Фіят» заведзены, фельчар грузіць чамаданы з неабходнымі лекамі і інструментамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?