Жыццёвы меланж / Радзім Гарэцкі. — Мінск: Кнігазбор, 2013. — 648 с.
Акадэмік Радзім Гарэцкі выдаў чарговую кнігу. У адрозненне ад папярэдніх, яна прысвечана не ягоным бацьку Гаўрылу і дзядзьку Максіму, а перажытаму самім. Хаця, канечне, не знікаюць са старонак кнігі і блізкія.
«Жыццёвы меланж» — гэта публіцыстычныя артыкулы, лірычныя замалёўкі, мініяцюры, эсэ.
Аўтар разважае пра мову, навуку, дзеліцца ўспамінамі пра дзяцінства, жыццё ў Карэліі.
У кнізе друкуюцца артыкулы пра яго родных. У іншых ён расказвае пра пісьменнікаў-сучаснікаў — Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Ніла Гілевіча… І навукоўцаў — Аляксандра Яншына, Віктара Хаіна…
Радзім Гарэцкі піша таксама караценькія гісторыі з жыцця. Як гэтае.
«На Вялікдзень каля кафедральнага сабора стаяў недалёка ад Зянона Пазняка. Каля яго круціліся некалькі прыгожых, сімпатычных дзяўчат і ўсяк стараліся, каб ён звярнуў на іх увагу. Я яму кажу: «Вось як вас любяць дзяўчаты».
— Мяне любіць уся Беларусь.
— Ну, ёсць і такія, якія вас не любяць.
— А я іх усё роўна люблю. Калі б яны гэта ведалі, дык таксама мяне любілі б».
Набыць выданне можна ў «Акадэмкнізе» (Мінск, пр-т Незалежнасці, 72).
Глядзіце таксама: 85-гадовы акадэмік Радзім Гарэцкі дзеліцца сакрэтамі сямейнага шчасця і здароўя