Белы снег, як саван, над майданам.
Над майданам чорны дым з пакулля
І ледавіковая зіма.
Чорны дым смярдзіць кублом паганым,
Белы снег лавіць спрабуе кулі —
Не ўдаецца, ловы ўсе — дарма.
«Там сопротивления очаг» –
Снайпер-беркут меціць па вачах.

Куля ў вока вершніку Багдану,
Куля ў вока пешаму Тарасу.
Што сляпому? Кобза і хатуль.
Белы снег перабінтуе рану.
Чорны дым схавае ў дол да часу
Плашч-палатку асляпляльных куль.
Украіна, сцішся і замры.
«Как поют слепые кобзари…»

Спеў лунае за Дняпро далёка.
Майстра і на кобзе вытне скерца,
Бажавольны станчыць гапака.
Кулю, што ляцела брату ў вока,
Прыцягнула маладое сэрца.
Не дрыжала ў снайпера рука.
І на Кіеў, на майданы стрэх
Бел-чырвона-белы выпаў снег.

Гэта Бог, схіліўшыся ў жалобе,
Плашчаніцу па-над ім раскінуў.
Чорны дым клубіўся каля ног.
«Ишь, лежит в сугробе, как во гробе»…
І, дабраславіўшы Украіну,
«Ён загінуў, — так шапнуў ёй Бог, —
Каб ты, нэнько, бачыла штоміг
І сяброў, і ворагаў сваіх».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?