Увечары 11 кастрычніка ў праграме «Панарама» Першага канала было заяўлена, што супрацоўнікі амбасады ЗША ў Беларусі, грамадзяне нашай краіны, утойваюць свае прыбыткі і не выплачваюць падаткі.
Па словах журналіста канала, міністэрства па падатках і зборах «неаднаразова звярталася праз МЗС у амбасаду ЗША, каб атрымаць інфармацыю аб прыбытках наёмных працаўнікоў, але безвынікова».
Акрамя таго, беларуская амбасада ў Вашынгтоне накіроўвала ноты ў Дзярждэпартамент ЗША з просьбай прадаставіць адпаведную інфармацыю. «Амерыканскае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Мінску па‑ранейшаму хавае рэальныя прыбыткі беларускіх супрацоўнікаў», — сцвярджае аўтар матэрыялу.
Сума ў дэкларацыях аб прыбытках супрацоўнікаў амбасады, якая па ацэнках аўтараў складае каля 2 тысяч долараў, заніжаецца да некалькіх сотняў долараў. У якасці аргумента на БТ працытавалі словы нейкага Сяргея, які працаваў у офісе амбасады напрыканцы 1990‑х гадоў і зарабляў 1 тысячу 200 долараў.
Інфармацыю пацвярджае начальнік міжнароднага ўпраўлення падатковых адносін міністэрства па падатках і зборах Ала Сундукава, якая пацвердзіла, што з амбасадай ЗША паўсталі праблемы.
Па словах Сундуковай, беларусы, якія працуюць у дыппрадстаўніцтве, добраахвотна пералічваюць падаткі, дэкларуюць свае прыбыткі. Праблема ў тым, што няма інфармацыі працадаўцы аб памеры іх заробкаў і поўнага спісу працаўнікоў.