Прэс-канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі для расейскіх журналістаў нечакана пачалася на паўгадзіны раней, чым плянавалася, а 11:30, замест а 12:00. На пытаньні журналістаў кіраўнік дзяржавы адказваў цягам трох з паловай гадзін. За гэты час Лукашэнку было зададзена больш трыццаці пытаньняў. Ад пэрспэктываў саюзнага будаўніцтва да любімых страваў. А. Лукашэнка сказаў: Са школьных праграм па маёй ініцыятыве былі выкінутыя ўсе пісьменьнікі-нацыяналісты... Піва не люблю, яно для мяне горкае і гідкае... Я ня веру, што мы, расейцы, беларусы і ўкраінцы, перастанем піць. Гэта наша традыцыя, наш нацыянальны набытак... Сёньня ты ня зойдзеш на фэрму проста так, бо гэта дом для даяркі, яны атрымліваюць там 700-800 даляраў... Я перакананы, што нават калі мяне ня будзе, то Пракаповіч, Праляскоўскі і іншыя будуць працягваць палітыку інтэграцыі з Расеяй. Галоўныя пункты выступу перад расейскімі журналістамі: амбітныя задумы і прапагандысцкія выпады.

Амаль адразу была згадка пра часы кіраваньня Шушкевіча і пра тое, як тады расейцы сядзелі на чамаданах. «Адысьці ад яднаньня з Расеяй — палітычная мая сьмерць. Гэты саюз важны для нас у сфэры эканомікі, ваеннай, сацыяльнай для нас, для расейцаў — гэта таксама важна. Мы адзін народ. Вы можаце сюды прыяжджаць, забыўшы пашпарты і дакумэнты і вас тут добра сустрэнуць. За газ мы плацім і будзем плаціць, але так ня робіцца, калі цэны на газ павышаюць у 2,5 разы, кажучы, выжывеце — добра, ня выжывеце… Нам Расея прапаноўвае крэдыт на газ, але на такіх умовах, што мы лепш возьмем на Захадзе. І мы бралі мільённыя крэдыты на Захадзе, у японцаў, у Кітаю, але ж мы выжылі. Цяпер актыўна будуемся і не згарнулі ніводнай сацыяльнай праграмы ў Беларусі».

«Я далёкі ад думкі, што апазыцыя можа прыйсьці да ўлады. Але яны знаходзяць падтрымку ў Расеі — у тых колах, якія на дух не пераносяць рускага чалавека».

«Кіраўніцтва Расеі проста не гатовае да нармальных раўнапраўных саюзьніцкіх адносінаў».

«Асымэтрычны адказ Расеі на разьмяшчэньне амэрыканскай сыстэмы ПРА ляжыць у плашчыні Беларусі. Так я думаю ня толькі пра Беларусь, але і пра саюзьніцкія абавязкі, як абараняць тую зямлю, якая карміла нас таннай вуглевадароднай сыравінай».

БЯЗ ВАС — НІЯК
Сайт nn.by робіцца на Вашы грошы. Ахвяраваньне можна перавесьці ў любым аддзяленьні банку, на любой пошце. На банкаўскай квітанцыі ў графе «Від плацяжа» трэба пазначыць: «Ахвяраваньне за Інтэрнэт». У графе: «Атрымальнік плацяжа» трэба пісаць: ПВУП «Суродзічы», УНП 190786828. У графе «Найменаваньне банку» трэба пісаць: «МГД ААТ «Белінвестбанк», вул.Калектарная, 11, Мінск, код 764». У графе «Рахунак атрымальніка» — 3012206280014. Пры перасылцы грошай па пошце тое самае трэба пісаць у рубрыках «Каму» і «Куды».
Раздрукаваць банкаўскую квітанцыю (pdf-файл 38Кб, A4).

«Краіна, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, павінна выбудоўваць добрыя адносіны з суседзямі — Украінай, Балтыкай, Польшчай. Наша палітыка шматвэктарная. Але Расея — прыярытэт нашай замежнай палітыкі. Нас нельга крытыкаваць за тое, што мы спрабуем выбудаваць добрыя адносіны з Захадам — гэта абсалютна натуральная зьява. Сёньня ўжо мы прадаём у Эўрасаюз столькі, колькі не прадаём у Расею, бо нас папросту выкінулі з расейскага рынку. У нас заўсёды былі добрыя адносіны з эўрапейцамі, да той пары, пакуль Беларусь не пачала будаваць саюз з Расеяй. Мяне нацыяналістычныя СМІ шмат папікалі, што я адпраўлю беларускіх хлопцаў у Чачню. На вуліцу было немагчыма прайсьці, але я нікога не адправіў. Мы будзем паміраць за Расею, але будзем паміраць тут, абараняючы яе заходнія межы. Як бы прынізьліва ні гучала, але я прасіў Пуціна не падымаць цэны на газ, аднак мяне ніхто не паслухаў… Прабачце, набалелая тэма. Я перакананы, што нават калі мяне ня будзе, то Пракаповіч, Праляскоўскі і іншыя будуць працягваць палітыку інтэграцыі з Расеяй».

«У нас вельмі добрыя адносіны. Канечне, не такія добрыя, як з Расеяй. У нас бліскучыя адносіны на ўзроўні людзей, прадпрыемстваў, заводаў. У гэтым ня могуць перашкодзіць ні Пуцін, ні Лукашэнка, ні Кучма, ні Януковіч сёньня. Мы прадаём ва Ўкраіну сёньня больш, чым купляем. У нас вельмі добрыя адносіны з Украінай».

«Калі не б рэгіёны Расеі, то ніякага саюзу сёньня б ужо не было. У часы кіраваньня Ельцына кінуў кліч: давайце ўсталёўваць нармальныя адносіны. І вашы губэрнатары мяне падтрымалі. Канкрэтныя людзі ў рэгіёнах выратавалі саюз».

Як гэта прэзыдэнт можа ня піць?!

«У нас п’юць столькі, як у вас. Але ў нас дысцыпліна больш жорсткая, таму людзей пад платамі і валяецца менш. Мы ўвялі манаполію на піва, таму, калі да нас ідзе нейкая барматуха, то толькі ад вас. Мы не забараняем рэкляму піва, бо піць будуць усё адно, таму няхай лепш п’юць слабыя алькагольныя напоі. Змагацца з алькаголем проста бессэнсоўна. Я абсалютна не разьбіраюся ў алькагольных напоях, хаця не скажу, што ня п’ю. Як гэта прэзыдэнт можа ня піць?! Хаця піва не люблю, яно для мяне горкае і гідкае. У маёй вёсцы пілі і палілі ўсе, але я хацеў стаць футбалістам, бо ведаў, што яны ня п’юць і ня паляць. Хаця цяпер ведаю, што і п’юць і кураць, і няблага гуляюць. Трэба проста расслабіцца, і прыняць як належнае, і выпіць часам троху. У нас не краіна цьвярозых, мы нават Расеі можам паказаць прыклад, але будзем змагацца. Я ня веру, што мы, расейцы, беларусы і ўкраінцы, перастанем піць. Гэта наша традыцыя, наш нацыянальны набытак».

«У нас ня вельмі добрыя адносіны зь Японіяй, бо ў нас аднолькавыя эканомікі, таму зачапіцца там няма за што. Няма зь імі адносін і ў палітыцы зь японцамі, затое добрыя ў сфэры мэдыцыны. У нас бліскучыя адносіны з Кітаем, Індыяй. Гэтыя краіны ідуць да нас насустрач. Неблагія адносіны зь Іранам. Хутка адбудзецца мой візыт у Віетнам. Запрашаюць нас у Малайзію і Інданэзію. Азіяцкі вэктар замяняе недастатковыя адносіны з Эўрасаюзам».

«Нашто нам трэба было ехаць у Вэнэсуэлу здабываць нафту, калі б можна было здабываць яе ў Расеі? Мы б паехалі і ў Сібір, і на Далёкі Ўсход дабываць нафту, каб на гэта была воля расейскага кіраўніцтва. Мы гатовыя самі сябе забясьпечыць, вы толькі дазвольце. Навошта расейцы палезьлі на дно Балтыкі? Цяпер Эстонія і Польшча ў любы момант можа блякаваць гэтае будаўніцтва. Цяпер вы плянуеце будаваць усе трубаправоды ў абыход Беларусі. — гэта бесталковыя нічым не абгрунтаваныя амбіцыі».

Мы стварылі на вёсцы фактычна такія самыя ўмовы, як у горадзе. І людзі з асалодай там жывуць.

«У нас была прынятая праграма выратаваньня вёскі, той ж трэба рабіць і Расеі, хаця там пацыент хутчэй невылечны. У нас засталіся калгасы, хаця ўжо сёньня чвэрць гаспадарак прыватызаваныя. Нават Расея такім пахваліцца ня можа. Мне цяжка гаварыць з тымі, хто ня ведае, што такое зямля. Мы стварылі на вёсцы фактычна такія самыя ўмовы, як у горадзе. І людзі з асалодай там жывуць. Новыя фэрмы — гэта сапраўдныя палацы. Сёньня ты ня зойдзеш на фэрму проста так, бо гэта дом для даяркі, яны атрымліваюць там 700-800 даляраў. Вёску ня трэба ператвараць у горад, яна павінна пахнуць зямлёй, а не асфальтам. Сёлета праблемы зь зернем былі ў Расеі, Эўропе, нас гэта бяда мінавала. Мы навучыліся вырошчваць у сябе якасную пшаніцу. Мяне вельмі хвалявала праблема малака і мяса, бо мы шмат яе выпускаем і гонім у Расею. Мне дакладваюць, што сёньня ў Менску не хапае масла і малака, бо ідзе ў РФ, Эўропу, самім не хапае. Бязь вёскі ня будзе ні Беларусі, ні Расеі».

«Мы захавалі ўсю сыстэму, якая захавалася ад Cавецкага Cаюзу, бо былі перакананыя, што нельга гэтую праблему скідваць зь дзяржавы. Цяпер мы гатовыя да зімы».

Калінінградзкая вобласьць, прабачце, — частка Беларусі

«СНД ня створана для цывілізаванага разводу. Там вырашаюцца насамрэч важныя праблемы. СНД будзе існаваць, у ім будуць розныя пэрыяды і добрыя, і нялёгкія, як цяпер, але структура захаваецца. Усё залежыць ад Расеі. Я памятаю, як Шэварнадзэ быў вымушаны зьвярнуцца да амэрыканцаў, каб выратаваць сваіх людзей ад холаду. Расея не дапамагла тады Грузіі нічым. Пасьля гэтага і пачаўся адыход гэтай каўкаскай краіны ад СНД. І на Грузію нельга крыўдзіцца. Не на руку Расеі і газавыя канфлікты зь Беларусьсю і Ўкраінай».

«Калінінградзкая вобласьць, прабачце, — частка Беларусі. Прыяжджае губэрнатар гэтага рэгіёну і просіць зерня ці яшчэ чаго, і мы даём. Яшчэ ад савецкіх часоў за Калінінград адказвала Беларусь. Там жыве 100 тысяч беларусаў. Мы робім усё, каб у калінінградцаў не было праблемаў. Я адкрываў авіярэйсы да Калінінграду. Мы гатовыя рабіць усё для гэтага рэгіёну. Я б прыехаў да вас у госьці, але чамусьці Лукашэнку ў Расеі ў якасьці госьця некаторыя вельмі хваравіта ўспрымаюць чамусьці».

Я скончыў гістфак і разумею, што такое культура.

«Я ўзгадваю тыя часы, калі ў нас ва ўладзе былі нацыяналісты. Яны гаварылі толькі пра культуру і беларускую мову. Я скончыў гістфак і разумею, што такое культура. У нас нават за савецкім часам не было такой бібліятэкі. Памятаю нават, як бульдозэр капаў першую траншэю для гэтага будынку. Я разумею, што, як прэзыдэнт, я мусіў зрабіць нешта для культуры, што можна памацаць рукамі. Мы ўкладваем аграмадныя грошы ў культурныя аб’екты. Са школьных праграм па маёй ініцыятыве былі выкінутыя ўсе нацыяналісты, так званыя пісьменьнікі. Расейская мова — гэта ня ваша мова, а наша супольная. Мы ня можам адмовіцца ад расейскай мовы, хоць таму, што па-беларуску няма некаторых тэрмінаў у прыродазнаўчых дысцыплінах».

«У нас на сёньняшні дзень няма ніякіх ільгот, у тым ліку і бясплатныя праезды для міліцыі. Чаму міліцыянты мусяць езьдзіць бясплатна, а журналісты за грошы? Мы вырашылі ўсе льготы адмяніць. Льготы застаюцца толькі для інвалідаў, а таксама для шматдзетных сем’яў. У Беларусі сасьпеў час для павышэньня пэнсійнага ўзросту — гэтага хочуць самі пэнсіянэры».

«Калі б у мяне не захаваліся ідэалы юнацтва — праўдзівасьць, шчырасьць, дружба, — то я быў бы дурным чалавекам. Але галоўная каштоўнасьць, якую я захаваў, — інтэрнацыяналізм».

«У прэзыдэнта Беларусі няма адпачынку. Я люблю зімовую пару году. Калі ў Аўстрыю апошнія гады мяне перасталі пускаць, то я пачаў езьдзіць у Сочы. Я вельмі не люблю камандзіроўку. Вось да Душанбэ трэба ляцець аж пяць гадзінаў! Я вельмі прывязаны да дому. Беларусы таксама вельмі кепска ўспрымаюць, калі я зьяжджаю з краіны больш за трое сутак. Самае вялікае, што я адпачываў 10 дзён, бо апазыцыя пачынае крычаць: дзе Лукашэнка? Зімоўскі ў дзяржаўных СМІ таксама пачынае хвалявацца».

«Я прытрымліваюся жалезнай дыеты, рыхтуюся да Каляднага хакейнага турніру. Я ўжываю простую ежу — малочны суп, дранікі».

Я супраць выбараў па партыйных сьпісаў, людзі павінны галасаваць за канкрэтнага чалавека».

«Я не прыхільнік Вашай дзікай сыстэмы парлямэнцкіх выбарў. У нас цалкам мажарытарная сыстэма. За каго людзі будуць галасаваць? За “Адзіную Расею”? Не, за Пуціна. Але ж гэта дэзынфармацыя. Як так — я ў партыю не ўступаю, але партыйны сьпіс узначальваю». Пра зьезд «Адзінай Расеі»: «Каб вы не скаціліся і нас не зацягнулі ў савецкія часы, калі падводзіліся і крычалі «Слава КПСС». Я калі некаторыя эпізоды пабачыў, мяне зашчыміла».

«Яны ў мой адрас ня вельмі жартуюць. Хаця я нармальна да гэтага стаўлюся. Я навучыўся на гэта не зьвяртаць увагі. Не, як бы не зьвяртаць увагі. Як не жартаваць з Лукашэнкі? Калі жартуюць зь Ельцына і Пуціна. Дарэчы, трэба паглядзець, што яны пра мяне кажуць».

Я кажу, вы хоць трусы ня рвіце

«Па вуліцах і крамах я не хаджу, бо гэта немагчыма. Гадоў пяць таму я выйшаў з сваёй рэзыдэнцыі і пайшоў убок Кастрычніцкай. Людзі на прыпынку адразу закрычалі: Прэзыдэнт! Прэзыдэнт! Адразу пачаўся нейкі мітынг, тысячы дзьве. Мне парвалі касьцюм. Я кажу, вы хоць трусы ня рвіце, бо апазыцыя сфатаграфуе і выставіць у сваіх газэтах».

«Кніжкі і фільмы я цяпер не чытаю і не гляджу, бо няма вольнага часу. Калі ён і зьяўляецца, то я аддаю яго на спорт. Кніжкі не чытаю, бо даведаўся, як іх пішуць. Кіно не гляджу, бо даведаўся, як яго здымаюць».

«Больш за ўсё я ненавіджу п'яніцаў і здраднікаў. П'яніца — гэта такі чалавек, які або здрадзіць, або штосьці наробіць».

А. Лукашэнка адкінуў чуткі пра адстаўку Канаплёва і пераход Канаплёва ў апазыцыю. «Я ў яго запытаўся: ты сапраўды апазыцыянэрам стаў? Бо нашыя апазыцыянэры ў Маскве такога пра яго панапісвалі». «Сёньня ў гэтую сьметніцу — Інтэрнэт, можна ўкінуць усё, што хочаце, і ваяваць з гэтым — марнаваць лішнія грошы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?