На адкрыцці турніру спартсменаў ды гледачоў чакаў сюрпрыз. Сярод афіцыйных асобаў знаходзіўся Аляксандр Мілінкевіч.
На турнір ён прыехаў па асабістаму запрашэнню Ігара Каныгіна. Апазіцыйны лідэр распавёў, што з’яўляецца прыхільнікам грэка‑рымскай барацьбы і з павагай ставіцца да гаспадара турніру Ігара Каныгіна.
На мерапрыемствы такога кшталту ў якасці «вясельнага генерала» Мілінкевіча запрасілі ўпершыню. Паводле слоў экс‑кандыдата ў прэзідэнты, ад’язджаў ён у такой спешцы, што нават забыўся на спецыяльны прыз для юных спартсменаў. Але абяцаў прывезці спецпрыз наступным разам.
Міжнародны турнір па грэка‑рымскай барацьбе для юнакоў да 20 гадоў на прызы Ігара Каныгіна ў Віцебску ладзяць ўжо дванаццаты раз. Сёлета, акрамя беларускіх спартсменаў, ў ім бяруць ўдзел літоўцы.
Расіяне ды украінцы, паводле арганізатараў турніру, адмовіліся ад ўдзелу ў апошні момант — не здолелі знайсці грошы на паездку. Турнір будзе доўжыцца тры дні. Мілінкевіч з’ехаў з Віцебску неўзабаве пасля адкрыцця, крыху паназіраўшы за спаборніцтвамі.