Ніколі я нічога тут не пісала, але цяпер не магу маўчаць. Тры гады я жыву ў Кіеве. Тры гады я хаджу па гэтых вуліцах, сябрую, працую і маю стасункі з гэтымі людзьмі. Маю стасункі не толькі з калегамі па працы, а з прадаўцамі, таксістамі, суседзямі, кансьержамі, домаўладальнікамі і бізнэсменамі … Я была ў Прыкарпацці і ў Закарпацці. І ні разу, чуеце, ні разу я не сутыкалася з непрыманнем рускіх ці яўрэяў, ні на бытавым, ні на грамадскім узроўні.

З першых жа слоў мяне вызначалі ўсюды — «Вы масквічка? Па гаворцы чуваць». Спачатку я — паўяўрэйка-паўмаскалька — жудасна напружвалася, але пасля пагадзілася з тым, што я і праўда масквічка, і гэтая тэма больш не падымалася — калі я сама яе не развівала. Прыязны тон не мяняўся, нідзе ні разу не зрабілі выгляд, што не разумеюць маю рускую мову.

Так, у мяне былі праблемы, і як ні дзіўна, менавіта з калегамі — хоць нічога дзіўнага ў гэтым і няма. Свет тэлебачання — гэта свет, дзе ўсе мы працуем з «мовай». Але яшчэ гэта свет, дзе збіраюцца людзі з усёй краіны. Тут плячо ў плячо працуюць прыезджыя з Армянска (Крым) і з Івана-Франкоўска (Захад).

Так, многія, хто прыехаў з захаду, не вельмі ж ведаюць рускую — у іх яна была 2 гадзіны на тыдзень, як замежная, ды яна і праўда для іх замежная, бо, падабаецца нам, расейцам, гэта ці не, Україна – гэта, як раней казалі, «заграніца». Так, наскрозь працятая асабістымі сувязямі, якія значна мацнейшыя за любыя грамадскія дамовы, але замежжа, са сваімі законамі, традыцыямі, мовай, гімнам і іншымі атрыбутамі самастойнай дзяржавы.

Так, нам з калегамі, напэўна, было цяжка спачатку: ім, не вельмі абазнаным у рускай мове, і мне, зусім не абазнанай ва ўкраінскай. Але мы вельмі стараліся адзін аднаго зразумець, і праз пару месяцаў я перастала вылупляць вочы, калі яны пераходзілі на ўкраінскую хуткамоўку, а яны перасталі з задуменным выглядам спрабаваць перакласці ў галаве маю рускую мову.

Працуючы ў забаўляльным сегменце ТБ, я мела поўнае права, і карысталася ім, не абмяркоўваць палітычныя пытанні. І нават калі мяне пыталіся — ты як, за еўраінтэграцыю? Я адказвала дыпламатычна — прычым тут маё меркаванне, калі гэта могуць і павінны вырашаць толькі ўкраінцы.

І вось здарыўся ён — Майдан. З Масквы мне тэлефануюць сябры, сваякі і калегі. Яны ўсе шчыра баяцца за мяне, перажываюць, што я апынулася тут, у Кіеве, падчас рэвалюцыі. Яны шчыра лічаць, што на Майдане сабралася купка маргіналаў і значна большая колькасць неанацыстаў — агрэсіўных, якія закідвалі кактэйлямі молатава няшчасных праваахоўнікаў-беркутаўцаў. Маргіналаў, якія не маюць ні пачуцця самазахавання, ні пачуцця адказнасці за сваю краіну. У гэтым расейцаў цэлыя суткі пераконвае расійскае тэлебачанне.

Калі невідушчага пераконваць, што чорнае гэта белае, а белае — чорнае, рана ці позна ён у гэта паверыць. Дык вось, я яшчэ не ў натоўпе, пакуль я была толькі збоку. Я адсочваю сітуацыю па розных крыніцах. Я яшчэ не ўзбуджаная, не натхнёная Майданам знутры, так што пакуль магу меркаваць аб'ектыўна. Я ведаю тых, хто там стаіць. Паверце — гэта не маргіналы, гэта не бандэраўцы, якіх нібыта звезлі з заходняй Украіны.

Гэта людзі, з якімі я маю зносіны блізка, а з некаторымі літаральна кожны дзень. Гэта Кіяўляне. Гэта мае калегі, якія без пафасу, без крыку кожны вечар\ дзень\ноч стаяць на Майдане — не па прафесійным абавязку — а па грамадзянскім. Маладыя, ім да 35, таленавітыя, з вышэйшай адукацыяй людзі.

Гэта мая сяброўка-пенсіянерка, інтэлігентная дама з трыма вышэйшымі адукацыямі. Гэта іншая мая сяброўка, галоўны бухгалтар фірмы. Гэта сям'я: бацька-бізнэсмен, сын-мастак і дачка — кіраўнік праекта. Вось гэтыя людзі — гэта 80 % Майдана.

Яны не імкнуліся выходзіць на вуліцу. Яны былі вымушаныя. Пачуццё ўласнай годнасці і адказнасці за сваю краіну, за сваіх дзяцей і за будучыню прымушае іх стаяць ужо амаль 2 месяцы, цяпер у 20-градусны мароз.

Не, не за еўраінтэграцыю або ўласныя амбіцыі. Яны выходзяць пасля першай жа зачысткі Беркута. Таму што ў іх свядомасці не ўкладаецца, што мірных грамадзян можна не проста біць — амаль забіваць, дабіваючы тых, хто ўпаў, нагамі. Што пажылую жанчыну, якая на каленях моліць, каб не забівалі яе састарэлага, ужо збітага да паўсмерці мужа — можна ўдарыць дубінкай па твары. Што студэнта можна распрануць дагала, пусціць праз строй людзей з дубінкамі, якія потым будуць разразаць яму нажом сакральнае месца.

Яны не могуць і не хочуць так жыць. Яны не хочуць пакінуць такі свет сваім дзецям. І я паважаю іх.

Так, цалкам магчыма, што лідары апазіцыі Майдана вельмі дзіўныя асобы, і многія да іх ставяцца скептычна. Так, у іх не было, і напэўна, няма выразнай праграмы, але людзі выходзяць і падстаўляюцца не дзеля іх, а «за сябе і за таго хлопца», яны паказваюць уладзе, што не будуць трываць безуладдзя.

Улада справакавала гэта, менавіта ўлада адказная за тое, што мірны мітынг, у выніку, стаў месцам бойкі. Улада, якая аддае злачынныя загады, якая галасуе за непрымальнымі законы, якая прывозіць «цітушак»-гопнікаў з усёй краіны для правакацый. Удумайцеся — так майданаўцы абараняюць сваё права на свабоду ўжо з кактэйлямі Молатава і самаробнымі каламі, але супраць іх стаяць узброеныя і навучаныя людзі ў поўнай экіпіроўцы, якія першымі ўжылі гвалт да мірных грамадзян.

Украіна — не Расія. Тут такія выхадкі проста так не праходзяць.

І вось цяпер людзі Майдана абвешчаныя па-за законам. І я, ведаючы іх, разумею — вони не пiйдут з Майдану. Так, ім страшна — таму што там б'юць, таму што ўжо страляюць і невядома, што можа быць праз некалькі гадзін, але вони не пiйдут. Таму што яшчэ страшней думаць пра тое, што будзе заўтра з імі і з краінай — калі сёння яны адступяць.

І сёння я ўжо не застануся збоку. Сёння я выразна разумею, што грошы і прадукты, адпраўленыя на Майдан, гэта вельмі мала і гэта недаравальна маладушна. Так, матуля, ты ўмольвала мяне нікуды не лезці, даруй, мам, але сёння я буду там, побач са сваімі калегамі і сябрамі, побач з кіяўлянамі, нават калі таксама апынуся па-за законам. Але калі мяне там не будзе — я назаўжды страчу спакой.

Я заўсёды захаплялася ўменнем украінцаў не дазваляць уладзе барзець, а зараз захапляюся яшчэ больш, і я пайду на Майдан падтрымаць людзей, з якімі плячо ў плячо жыву тры гады. Людзей, настолькі гордых і неабыякавых да свайго ўласнага лёсу і да будучыні сваёй краіны.

Слава Украіне, Героям слава!

Ганна Голанд, масквічка, якая працавала і ўжо жыве ў Кіеве

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?