Я відавочца падзеяў 25 Сакавіка ў сталіцы.

На падыходзе да моста ў раёне Музкамэдыі мірнае шэсьце дэманстрантаў, што скіроўваліся з кветкамі да Акрэсьціна, сустрэў вайсковы кардон, які пачаў адціскаць людзей назад. Пачуліся выбухі шумавых гранат, утварыліся дымавыя заслоны. Народ, караскаючыся па брудным схіле, ратаваўся ля плота. Салдаты пагналі людзей па вузенькім праходзіку ля плота: некаторыя пачалі падаць, хтосьці сам мусіў зьбягаць уніз. Усіх, хто апынаўся ўнізе, жорстка зьбівалі дручкамі й нагамі. Пры гэтым спэцназаўцы брутальна лаяліся. Кідаючыся на ахвяру альбо цягнучы яе за сабой, мацюкаліся: «К ноге, я сказал! Животное, …!» Некаторым, хто змог утрымацца ля плота, пашчасьціла ўцячы: хлопцы падсаджвалі дзяўчат цераз плот, дзе іх прымаў гаспадар аднаго з прыватных дамкоў. Людзі на хаду дзячылі яму за дапамогу. Дай Бог, каб гэтага сумленнага чалавека не пасадзілі

За плотам, людзі дробнымі купкамі ратаваліся праз двары, у якіх сутыкаліся з паўлічэнкаўскімі зачысткамі. Некаторых наганялі ў дварах, а хтосьці здолеў уцячы. Дадому вярталіся, хто як мог. Сярод адступоўцаў было чуваць: «Ну, цяпер ня сорамна глядзець сыну ў вочы. Наступным разам нас будзе болей!»

Так, гэта было страшна, жахліва страшна. Толькі ня там, а ў хаце, калі прыйшло ўсьведамленьне адноснае бясьпекі. Ад сьмяротнага жаху дух займае й сёньня. Безумоўна, убачанае не забудзецца ніколі. Але толькі знаходзячыся на піку гэтага страху, чалавек пераадольвае яго. Так спараджаецца нязломная вера, нескароная мужнасьць і неадольная прага Свабоды.

Н.С., Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0