Адпаведная прапанова ўжо паступіла ў Савет Міністраў ад старшыні пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктара Валюшыцкага.

Улічваючы той факт, што прапанова па вырашэнні праблем ЖКГ прагучала ва ўнісон з прэзідэнцкім патрабаваннем аб навядзенні парадку ў камунальнай гаспадарцы, сама сабой напрошваецца выснова аб узгадненні дзеянняў розных галін улады.

Акрамя таго, абсалютная большасць так званых ініцыятыў народных абраннікаў Беларусі, як правіла, генеруецца зусім у іншых структурах.

І гэта агульнавядомы факт. Менавіта таму беларускі бізнэс ужо пачаў біць трывогу адносна ініцыятывы аб з'яўленні новага падатку.

Віктар Валюшыцкі выступіў з афіцыйнай прапановай аб увядзенні мясцовага падатку з продажаў на ўвесь імпарт, які рэалізуецца ў Беларусі. Як вынікае з дакумента, накіраванага ў Савет міністраў, беларускія дэпутаты кіруюцца выключна высакароднымі мэтамі: зніжэнне сабекошту таварнай прадукцыі, што вырабляецца беларускімі прадпрыемствамі, і, адпаведна, павелічэнне канкурэнтаздольнасці тавараў made in Belarus, а таксама неабходнасць паступовага сыходу ад перакрыжаванага субсідыявання ЖКГ. У сувязі з гэтым дэпутат прапануе абмеркаваць «магчымасць ўвядзення мясцовага падатку з продажаў на тавары паходжання па-за краінамі Мытнага саюза».

Пра суму новага падатку ў прапанове не гаворыцца, але нават калі лічыць па мінімуме, вынік уражвае.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, імпарт тавараў у Беларусь па-за Мытным саюзам складае больш за 18 мільярдаў даляраў у год. Калі спаганяць з яго нават мінімальны падатак у 5%, выходзіць 900 мільёнаў даляраў у год. І наўрад ці гаворка ідзе аб такім мінімальным падатку, бо з яго дапамогай Віктар Валюшыцкі прапануе не толькі вырашыць пытанне датацый ЖКГ, але і зрабіць прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў больш канкурэнтаздольнай перад імпартнай, а тут 5% сапраўды не абысціся.

Права ўвядзення падатку і вызначэння яго велічыні прапануецца даць мясцовым уладам, якія будуць вызначаць і тое, як лепш выкарыстоўваць атрыманыя сродкі ў адпаведнасці з заяўленымі мэтамі.

Пастаянная камісія па эканамічнай палітыцы ПП НС РБ у асобе Віктара Валюшыцкага прапануе атрыманыя ад новага падатку сродкі накіраваць на пакрыццё датацый ЖКГ канкрэтнага рэгіёна, які атрымае выплаты. «Такім чынам, гэтыя сродкі могуць стаць крыніцай для зняцця нагрузкі перакрыжаванага субсідыявання з прамысловых прадпрыемстваў на рознічныя продажы прадукцыі трэціх краін», — рэзюмуе дэпутат.

Плацельшчыкамі падатку Валюшыцкі бачыць суб'екты рознічнага гандлю, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў.

Увядзенне падатку, на думку старшыні камісіі, дазволіць скараціць дэфіцыт рахунку плацежнага балансу з прычыны павелічэння канкурэнтаздольнасці тавараў беларускай вытворчасці ў параўнанні з імпартнымі. Нагрузка на бюджэт па датацыях на ЖКГ таксама павінная знізіцца, як і нагрузка на прамысловыя прадпрыемствы перакрыжаванага субсідыявання ЖКГ. За кошт гэтага аб'ёмы прамысловай вытворчасці тавараў у нашай краіне стануць большыя.

З улікам зніжэння сабекошту гэтых тавараў доля іх рэалізацыі, на думку дэпутата, павінная павялічыцца ў агульным аб'ёме рознічнага гандлю, а ўсе беларускія тавары, якія пакуль ігнаруюць пакупнікі, змогуць паспяхова канкураваць нават з іх кітайскімі аналагамі.

Варта адзначыць, што ў апошні час беларускія ўлады сталі вельмі актыўна генераваць ідэі аб падаткаабкладанні.

Аб новых падатках напярэдадні змяненняў у Падатковы кодэкс казалі на працягу ўсяго мінулага года. Але калі асцярогі гульцоў беларускага бізнэсу з нагоды павелічэння ПДВ з 20% да 22% не апраўдаліся, з'явіліся новыя выплаты, што сур'ёзна закранулі фізічных асоб.

Перш за ўсё гэта дзяржаўная пошліна на аўтамабілі, названая транспартным падаткам — плата за допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Выступаючы перад дэпутатамі, беларускі прэм'ер Міхаіл Мясніковіч літаральна ўгаварыў дэпутатаў абкласці данінай аўтаўладальнікаў, матывуючы гэта недахопам сродкаў на рамонт дарог. У адным кроку ад падатку апынуліся дармаеды. Доўга гаварылі і пра «выязны» падатак, прапанаваны Аляксандрам Лукашэнкам для асоб, якія адправіліся ў замежнае падарожжа.

Аднак з усіх прапановаў рэальна была ўвасобленая толькі адна, якая датычыць аўтаўладальнікаў. Гэта выклікала негатыўнае стаўленне грамадзян не толькі да выплат, але і да ўладаў, якое выказалася ў некалькіх акцыях «Стоп-падатак». Аднак, як сказаў кіраўнік дзяржавы з гэтай нагоды, такія нязначныя выплаты не павінныя абураць грамадзян, бо грошы пойдуць на добрыя мэты. Менавіта ў гэтым святле вельмі імаверным бачыцца і ўвядзенне новага падатку, у якім тых самых добрых мэтаў як мінімум у тры разы больш: вырашэнне пытання субсідыявання ЖКГ, разгрузка складоў беларускіх прадпрыемстваў, выраўноўванне замежнагандлёвага плацежнага балансу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?