- Жыцьцё без пакутаў.
Пакуты бяз болю.
Віно без атруты.
Турма безь няволі.
- Малітва бяз грэху.
Спакуса бязь сьмеху.
Хаціна бяз рэха,
бяз рэха і грэху.
- Жыцьцё без самоты,
нуды, адзіноты.
Жыцьцё празь цябе
наўпрасткі навылётам.
- Бяз хрыпу і енкаў,
бяз зроку і зрэнкаў
бязрукімі пальцамі
лашчым і мацаем.
- На сонны, бязродны,
цяжарны сьвітанак
выходзім даесьці халодны
сьняданак.
- Утулак па шыю ўтульны
і толькі
іголкі, іголкі, іголкі, іголкі.
- Вялікі, магутны
і неабсалютны!
Не высакародны
ваш вырак… А родны…