- Пацягнула прайсьціся па роснай траве
У дзень асеньняга раўнадзенства.
Гэты покліч таемны ў сэрцы жыве
Як прывет з пракавецьця, з маленства.
- Не па лузе над рэчкай, а ў горадзе, тут,
Дзе між гмахаў разьлеглі газоны
Дзе дамы, як грыбы, сярод поля растуць
а ў вокнах дамоў тых вазоны.
- Наступіў мэгаполіс, сяло праглынуў.
Тут цяпер і мэтро і тралейбус.
Нібы ліст у канвэрт у асфальт загарнуў
Урадлівую тлустую глебу.
- Захмялелы ад восеньскага сьвятла,
Не чакаў, што знаёмца сустрэну.
Ды, як спадчына вёскі, што колісь была,
Прарасло праз газон лісьце хрэну.
- Тут насуперак часу былое жыве,
Непарушны прыроды законы.
Мо таму так прыемна ісьці па траве
Не па сьцежцы. Наўпрост па газоне.
Каментары