Труну з целам Міхаіла Жызнеўскага даставілі да месца пахавання ў пасёлак Знамя Працы пад Гомелем. З-за затрымкі на мяжы цырымонія пахавання пачалася амаль з васьмігадзінным спазненнем — у 19.45. Труну прывезлі бацька, сястра і ўкраінскія сябры загінулага ў Кіеве актывіста Еўрамайдану.

На могілках у лясным масіве сабралася каля 50 чалавек: прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і палітычных партый, якія прыйшлі з украінскімі і бел-чырвона-белымі сцягамі, а таксама журналісты недзяржаўных СМІ.

Міхаіл Жызнеўскі, якому 26 студзеня споўнілася б 26 гадоў, быў сябрам праварадыкальнай украінскай арганізацыі УНА-УНСО. Ён быў забіты стрэлам у сэрца 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве.

26 студзеня з Міхаілам Жызнеўскім развіталіся ў Кіеве. У Свята-Міхайлаўскім саборы прайшло адпяванне загінулага беларуса, развітанне і жалобная працэсія, у якой узялі ўдзел тысячы украінцаў, у тым ліку лідары апазіцыйных парламенцкіх фракцый Віталь Клічко, Арсень Яцанюк і Алег Цягнібок. З-за пахавання на Майдане Незалежнасці было адменена штонядзельнае Народнае веча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?