Сёньняшняя прэсавая канфэрэнцыя для расейскіх журналістаў пакінула ўражаньне крызы жанру. Суцэльнае дэжа-вю: ад абяцаньня не прапусьціць на Маскву танкі да абвінавачаньня Крамля ў негатовасьці да саюзьніцтва.

Разам з тым, у закідах на адрас Крамля не было ранейшай экспрэсіі, драйву, бо, як афарыстычна зазначыў хтосьці з расейскіх палітолягаў, чым болей такіх закідаў — тым даражэйшы газ.

Наўрад ці абяцаньне засланіць Маскву ад танкаў можа крануць Пуціна, Мілера ці Вайнштока. Як і крытыка "бязглуздых" праектаў кшталту пракладкі газавай трубы цераз Балтыку ці нафтавай ад Унечы да Прыморску. Калі ўжо вырашылі агінаць ненадзейнага хаўрусьніка, то будуць агінаць усё адно.

Расповед пра тое, як алігархі прыціскаюць браткоў-беларусаў, можа абудзіць эмоцыі хіба што ў часткі шараговага расейскага электарату. Але спачувальныя ці камплімэнтарныя публікацыі ў маргінальных або малатыражных правінцыйных выданьнях ня зробяць рэвалюцыі на інфармацыйным абсягу вялікай суседкі. Дый ня надта зараз дадуць тамтэйшыя губэрнатары ўсхваляць у падначаленай ім прэсе Лукашэнку. Так што эфэкт ад змарнаваных на прэсавы тур сродкаў вельмі праблематычны.

Сумнеўна таксама, што імпрэза зробіць вялікае прапагандысцкае ўзьдзеяньне на ўласны электарат. Ну ўявеце самі, якую рэакцыю выкліча ў бальшыні вясковай аўдыторыі расповед пра даярак з заробкам 700-900 даляраў. Наўрад ці будуць з захапленьнем успрынятыя і развагі пра скасаваньне льготаў. "Сацыялка" сапраўды становіцца каньком апазыцыі (якой, дарэчы, гаспадар сустрэчы зрабіў добрую рэкляму, зазначыўшы, што ягоныя палітычныя апанэнты знаходзяць падтрымку ў самых высокіх колах расейскага кіраўніцтва).

Ну і, нарэшце, асобны мэсыдж атрымала сьвядомая інтэлігенцыя. Яна чарговы раз пачула, што з расейцамі мы адзін народ, што нацыяналісты ўжо былі пры ўладзе і нарабілі абы чаго, што мы не адступімся ад "великого и могучего" хаця б таму, што беларускай мове бракуе навуковай тэрміналёгіі… І нарэшце, стала вядома, хто загадаў выкінуць са школьных праграмаў "так званых" пісьменьнікаў-нацыяналістаў. Каб ня думалі, што гэта свавольства дробных сошак.

Зразумела, што піяр быў разьлічаны найперш на гасьцей. Хай напішуць, як тутэйшая ўлада ставіць заслон антырасейскім сілам. Але фактычна прагучаў адказ тым айчынным рамантыкам, што чакаюць хуткай хвалі беларусізацыі зьверху.

Увогуле ж выснова невясёлая. Празь 15 гадоў незалежнасьці ў краіны няма канцэпцыі замежнай палітыкі, стратэгіі разьвіцьця, каштоўнасных арыентыраў. Калі Расея праплоціць братэрства — будзем у яе арбіце. Калі не — тады лепшым сябрам стане Уга Чавэс. У Эўропу б і радыя, ды грахі не пускаюць. Выглядае на тое, што афіцыйны Менск будзе і надалей манэўраваць ва ўсё болей вузкім калідоры магчымасьцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?