Так здарылася, што ехалi мы ў вёску Белую Не, гэта было не як у фiльме "З лёгкай парай!". Проста гаспадыня сядзiбы "Лясная", што ў Белай, адчула недамаганне, калi мы, журналiстка i фотакарэспандэнтка, былi ўжо ў цягнiку. Таму чалавек, якi сустрэў нас на вакзале, спытаў, цi згодныя мы на замену сядзiб. Сама магчымасць такой узаемавыручкi сведчыць, што вясковы турызм у Беларусi развiваецца.

ХАЙ ЛЮДЗІ ЎБАЧАЦЬ ВАШЫМІ ВАЧЫМА: зьмясьціце на nn.by Вашы фоты і паведамленьні: [email protected], 29-707-73-29, 29-613-32-32, 17-284-73-29.

Тут справа не толькi ва ўзаемадапамозе, але i ў разнастайнасцi варыянтаў адпачынку. Сёння каталог сядзiб на сайце грамадскага аб’яднання "Агра- i экатурызм" (www.ruralbelarus.by) прапаноўвае 17 адрасоў для адпачынку толькi на Брэстчыне. Тут вам i байдаркi, i веласiпеды, i паляванне, i медыцынскiя паслугi санаторыя, i хатнiя нарыхтоўкi, i цiкавыя экскурсii па славутых мясцiнах... На любы густ i кашалёк.

Сядзiба "Мядовая паляна" ў вёсцы Збунiн — для актыўных. Яна знаходзiцца за 36 кiламетраў ад Брэста па дарозе на Тамашоўку, дабiрацца туды зручна: некалькi разоў на дзень курсiруюць аўтобус i маршрутка памiж Брэстам i санаторыем "Бярэсце", якi за некалькi кiламетраў ад вёскi.

Да 1948 года Збунiн стаяў на беразе Буга, шмат добрай зямлi вяскоўцы мелi па той бок ракi, куды хадзiлi ўброд: "Варта было штаны закасаць альбо спаднiцу прыўзняць, каб не замачыць, i можна было прайсцi па калена ў вадзе", — узгадвае жыхар Збунiна Іван Гапанюк. Цяпер на левым беразе Буга — Польшча. I калi распытваеш пра гэта старых жыхароў Збунiна, то адчуваеш, што мяжа прайшла не проста па рацэ — па iх сэрцах.

У 1628 годзе Мiкалай Сапега пабудаваў тут вялiкую драўляную Свята-Мiкольскую царкву. Былi ў свой час i духоўнае вучылiшча, i карчма, i царкоўна-прыходская школа. З сярэдзiны XIX стагоддзя вёска належала графiнi Е. Красiнскай.

Здаўна сюды выязджала на дачны сезон уся Варшава. Збунiнцы яшчэ памятаюць, як iх бацькi, ды i яны самi дзецьмi неслi дачнiкам рыбу, малако, зелянiну, першыя чарнiцы. Дачнiкi жылi на Атоках, кiламетры за два ад Збунiна, мясцовыя будавалi там дамы, каб на сезон здаць, самi на гэты час тулiлiся хто дзе i тым зараблялi грошы.

У 1948-м вёску адсялiлi з прымежнай зоны, якой стаў бераг Буга, у лес, там яна i стаiць зараз. Людзi да Новага Збунiна прывыкалi цяжка, ды i зямля тут аказалася дрэнная — пясок. "Там у нас была вялiкая рака, рыба, добрая глеба, а тут вадзяныя пацукi, лiсы ды ваўкi", — кранае старую рану Iван Гапанюк. У назвах новых вулiц адчуваецца прысмак сялянскай горычы: Пясчаная, Лясная.

Тым не менш Збунiн — вёска вельмi прыгожая, асаблiвы дух тут ствараюць апранутыя ў ручнiкi крыжы на скрыжаваннях вулiц i вялiзныя векавыя сосны.

Сёння ў Збунiне 100 гаспадарак, каля дзвюхсот жыхароў, паўтара дзесятка дач, ёсць магазiн i дом сацыяльных паслуг з бiблiятэкай, фельчарскiм пунктам i клубам. Вёска па-ранейшаму знаходзiцца ў курортнай зоне. А з 2003 года яшчэ i на тэрыторыi Рэспублiканскага ландшафтнага заказнiка "Прыбужскае Палессе", якi тры гады таму атрымаў афiцыйны статус бiясфернага рэзервату ЮНЕСКА. Гэта значыць, што захаванне тутэйшых унiкальных мясцiн важнае для ўсёй нашай планеты. Тут знаходзяць сабе прытулак рэдкiя птушкi, яшчэ можна пабачыць куткi прыроды, якiх амаль ужо не засталося ў Еўропе.

За тры кiламетры ад Збунiна знаходзiцца возера Белае — любiмае месца купання i рыбнай лоўлi не толькi брастаўчан. Адразу за Белым яшчэ два возеры — Чорнае i Рагазнянскае, у баку — Тайнае. Апошняе нездарма так называецца: яго i зараз, калi дарога пракладзена, знайсцi няпроста, а раней увогуле большасць мясцовых жыхароў пра Тайнае возера толькi чулi, але нiколi не бачылi. Гiсторыя ўзнiкнення возера авеяная легендамi. Кажуць, яно ўтварылася на месцы царквы, што правалiлася пад зямлю, i што дагэтуль у вялiкiя святы на беразе можна пачуць званы з-пад вады.

Калiсьцi гэтыя азёры належалi манастыру.

Дзеля прыгажосцi гэтых мясцiн i блiзкасцi да знакамiтага возера прадпрымальнiк Вiталь Чарнецкi купiў у Збунiне дом. Спачатку пад дачу, потым вырашыў заняцца фермерствам, набыў чатыры гектары зямлi i заклаў сад. А два гады таму ў двары дома паставiў падобныя на шалашыкi домiкi — для турыстаў. Нягледзячы на даволi сцiплае для паняцця "вясковы турызм" жытло, кемпiнг атрымаўся вельмi ўтульны. У домiкi-шалашыкi Вiталь правёў святло, змайстраваў там абагравальнiкi, якiя не спальваюць паветра, зрабiў басейн, абсталяваў некалькi месцаў для вогнiшча, камфортны санвузел i летнi душ, паставiў арэлi, аддаў гасцям асобную кухню i веранду. З мая па кастрычнiк "Мядовая паляна" запатрабаваная амаль без перапынкаў: i ў выхадныя, i ў буднi.

— Як хочуць госці, я гатую есці, — кажа гаспадыня сядзiбы Алена. — Нам гэта выгадней. Але ж многiя прывозяць прадукты з сабой i самi завiхаюцца на кухнi.

Пражыванне ў "Мядовай паляне" ў сёлетнi сезон каштавала 10 тысяч беларускiх рублёў у суткi з чалавека (без харчавання). За абед Алена прасiла 4 тысячы рублёў, за сняданак i вячэру — па 3 тысячы. Для пастаянных клiентаў гаспадары робяць скiдкi, але пасля Новага года плануюць трошкi цэны падняць. Магчыма, што да наступнага чэрвеня на сядзiбе будуць не толькi "шалашыкi", але i катэдж на дзве сям’i (шчытавы домiк ужо стаiць).

Планаў шмат. У тым жа садзе Чарнецкi збiраецца пабудаваць маёнтак i дыскатэку. Сад — асаблiвы гонар. Алена збiрае ў садзе... грыбы. Мы пайшлi з ёй, i ўтраiх за паўтары гадзiны набралi чатыры вядры маслякоў. Напэўна, каб не сцямнела, то набралi б i шэсць.

...Ранiцай мы пакiнулi гаспадыню на сядзiбе, а самi пайшлi на возера. Праз 20 хвiлiн хады яно адкрылася нашым вачам: амаль правiльнай круглай формы, празрыстае, спакойнае. Лодкi драмалi на прычале, дзелавiта скакаў па мастках верабей, пазiраючы на нас то адным вокам, то другiм. Здалося, што час насамрэч не ляцiць на злом галавы, а цячэ нетаропка i цiха, так, што ўсё можна паспець, нават самае галоўнае. Што спяшацца нiкуды не трэба. Можна проста вось тут стаяць, глядзець на ваду i лес на далёкiм беразе i тады даведаешся пра сябе нешта вельмi важнае. Такое, што словамi не выкажаш, але захаваеш да канца дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?