Расія не супраць запытанага Беларуссю на 2014 год аб'ёму нафтавага балансу ў 23 млн тон, паведаміў журналістам 30 студзеня ў Мінску пасол Расійскай Федэрацыі Аляксандр Сурыкаў.

Паводле яго слоў, з нафтавым балансам «справы ідуць добра». «Беларускі бок заяўляе 23 млн тон. Мы, у прынцыпе, не пярэчым супраць гэтай колькасці, але пакуль падпісалі пратакол на паўгода на 11,5 млн. тон, гэта значыць пацвярджаем сваю гатоўнасць да 23 млн. тон», - сказаў Сурыкаў.

Канчатковая лічба будзе залежаць ад «далейшых перамоваў, як складзецца баланс здабычы нафты ў першым паўгоддзі і гэтак далей». «Пакуль мы тэарэтычна гатовыя і практычна падпісалі на паўгода», — адзначыў пасол.

Па просьбе БелаПАН Сурыкаў пракаментаваў сённяшнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што «камусьці хацелася б інтэграцыйны праект таннейшы, ці за бясплатна ўзяць нафтаперапрацоўчыя заводы».

Расейскі пасол сказаў, што з інтэграцыйнымі праектамі «ніякіх праблем няма». «Аляксандр Рыгоравіч сёння сказаў, што мы хочам інтэгравацца, але на ясных і зразумелых умовах», - адзначыў Сурыкаў.

Па словах дыпламата, словы Лукашэнкі аб спробе купіць нейкія беларускія прадпрыемствы танна адносіліся да расійскай практыкі прыватызацыі 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

У кіраўніцтве ўрада РФ раней заяўлялі, што падпісанне нафтавага балансу з Беларуссю будзе залежаць ад усяго комплексу двухбаковых адносін.

Вядома, што пытанне аб пастаўках нафты расійскі бок увязвае з рэалізацыяй пяці інтэграцыйных праектаў, якія прадугледжваюць стварэнне сумесных беларуска -расійскіх холдынгаў або прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў Расіяй. Аб рэалізацыі такіх праектаў больш за год таму дамовіліся прэм'ер-міністры Міхаіл Мясніковіч і Дзмітрый Мядзведзеў, аднак далей дамоўленасцей справа пакуль не пайшла. У зацягванні перамоваў расейскі бок абвінавачвае беларускіх партнёраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?