Адзін з эпізодаў фільма «Авель», вытворчасцю якога займаецца беларуская кінакампанія «Нонстоп медыя» ў супрацоўніцтве з Германіяй, ЗША і Расіяй, будзе прысвечаны тэракту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года і «гераічным дзеянням ратавальнікаў».

Пра гэта паведаміў прадзюсар кампаніі Сяргей Ждановіч.

Паводле яго слоў, масавыя пратэсты ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе, выбух на Кастрычніцкай станцыі сталічнага метрапалітэна, які забраў жыцці 15 чалавек, — гэта «балючыя тэмы для беларусаў».

«Але мы найперш здымаем мастацкае кіно, — адзначыў прадзюсар. — Мы паказваем не пэўную праблему ці падзею, а паказваем трагедыю чалавецтва. З выбухам у метро я супастаўляю выбух у Бостане, Валгаградзе. У Беларусі гэта сапраўды было, пацярпелі людзі. А былі і тыя, хто гераічна ратаваў людзей у гэтай сітуацыі, напрыклад хлопцы з каманд МНС. Вядома ж, хочацца гэта паказаць. Але зноў жа мы не будзем рабіць рэканструкцыю».

31 студзеня для «Авеля» на праспекце Незалежнасці здымаюць сцэну з сутыкненнем некалькіх машын, якія, калі дазволяць умовы надвор'я, нават падарвуцца.

Для больш эфектнай карціны здымачная брыгада плануе выпрабаваць набыты ў ЗША мультыкоптар, ён жа дрон, — кіраваны лятальны апарат, да якога мацуюцца розныя прылады, у тым ліку кінакамера. У такім выглядзе дрон можна выкарыстоўваць для здымак сцэн з вялікай вышыні.

Кінастужка «Авель» ствараецца па замове Міністэрства культуры, на яе было выдзелена больш як 20 млрд. рублёў (2,17 млн. долараў). Рэжысёр-пастаноўшчык карціны — амерыканскі каскадзёр і пастаноўшчык трукаў Уільям дэ Віталь, які з'яўляецца выхадцам з Украіны.

Праца над эпізодамі, у якіх дзеянне адбываецца падчас масавай дэманстрацыі, вядзецца 30 студзеня — 2 лютага на праспекце Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці, пераважна вечарам і ноччу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?