Аляксандр Лукашэнка хоча азнаёміцца з вынікамі дзейнасці за год усяго праваахоўнага блока ў комплексе. Пра гэта ён заявіў 3 лютага падчас дакладу генеральнага пракурора Аляксандра Канюка.

«Вы бачыце, што па Мінабароны, іншых сілавых ведамствах я ўжо падступаюся да гэтых пытанняў, зараз ідзе маштабная праверка Узброеных сіл. Нам трэба падумаць аб праваахоўным блоку, у тым ліку пракуратуры, па вызначаных кірунках», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён таксама згадаў аб дадзеных даручэннях па праверцы гаспадарчай дзейнасці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. «Я хацеў бы, каб пракуратура ўмяшалася ў гэтыя працэсы з пункту гледжання закона. Усё-такі крышку разбалаваліся кіраўнікі асобных прадпрыемстваў, і не толькі дрэваапрацоўкі», — сказаў Лукашэнка.

Ён растлумачыў, што праблема тут не толькі ў невыкананні тых ці іншых нарматыўна-прававых актаў, а ў тым, што зацягваецца час і наносіцца вялікі фінансавы ўрон дзяржаве. Мы іншым разам ганяемся за адным, другім махляром (гэта, вядома, трэба рабіць), знаходзім там сто мільёнаў рублёў страт, а тут мы губляем мільёны долараў», — падкрэсліў ён.

Ён звярнуў увагу і на сферу АПК, зазначыўшы, што ў некаторых гаспадарках маецца па некалькі дзясяткаў службовых аўтамабіляў, а колькасць намеснікаў у кіраўніка замест аднаго, як у савецкія часы, даходзіць да сямі.

«Так, плошчы вялікія і іншае, дык там жа ёсць спецыялісты па кірунках. Ніхто грошы не лічыць і хочуць, каб былі ніжэйшыя затраты. Гэтак жа і на іншых прадпрыемствах. Думаю, што тут ужо з`яўляецца праца і для пракурора, — мяркуе Лукашэнка. — Я не да таго, што трэба ўсіх хапаць і саджаць. У вас хапае і іншых мер — ад папярэджання да ўнясення прадстаўлення органам улады».

«Паглядзіце з пункту гледжання пракуратуры, вы там хутчэй вызначыцеся, у якім кірунку дзейнічаць, і трэба дапамагчы тут рэальнаму сектару навесці парадак, каб людзі адчувалі, што за гэта трэба адказваць. Калі яны не разумеюць размоў і ўгавораў, тады будзем прымяняць і іншыя падыходы», — зазначыў Лукашэнка.

Генпрокурор паведаміў, што ўзровень злачыннасці ў цэлым знізіўся амаль на 5%. Разам з тым за мінулы год павялічылася колькасць зарэгістраваных цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, звязаных з хабарам, перавышэннем службовых паўнамоцтваў. Паводле слоў Канюка, гэта сведчыць аб актывізацыі працы праваахоўных органаў па выяўленні такіх злачынстваў, а не пра тое, што грамадства стала больш крыміналізаваным. Разам з тым ён прызнаў, што значныя хібы ёсць у пытанні прафілактыкі ўчынення злачынстваў. Выправіць сітуацыю дапаможа новая рэдакцыя закона аб прафілактыцы, які хутка набудзе моц.

Апрача таго, на сустрэчы былі вызначаны прыярытэтныя кірункі ў дзейнасці пракуратуры сёлета. Разам з далейшай аптымізацыяй органаў пракуратуры першачарговая ўвага будзе надавацца сферам падаткаабкладання і ЖКГ.

«На жаль, менталітэт нашых грамадзян, суб`ектаў гаспадарання не адпавядае часу. У нас няма яшчэ таго, каб да падаткаў ставіліся сур`ёзна, як ставяцца ў іншых краінах. Таму наша задача сёлета прааналізаваць выкананне падатковага заканадаўства і прыняць жорсткія меры», — сказаў генпракурор.

У сферы ЖКГ Канюк звярнуў увагу на выкананне правоў грамадзян пры карыстанні жылымі памяшканнямі. «Гэта праблема, з якой сутыкаюцца людзі ва ўсіх дамах, калі кучка бамжоў, нягоднікаў, п`яніц бударажыць або тэрарызуе ўвесь дом, калі людзі не спяць начамі, гучыць гучная музыка. Гэта тэма павінна быць у полі зроку пракуратуры, і мы зоймемся вельмі сур`ёзна гэтымі рэчамі», — зазначыў генпракурор.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?