За кнігу браўся з вялікімі сумневамі. Папярэднія раманы Клінава мне не вельмі добра заходзілі. І «Малую падарожную кнігу па Горадзе Сонца», і «Шалом» кідаў чытаць задоўга да канца. Гэтым жа разам праглынуў «Шклатару» за некалькі дзён.

Кнігарня «Логвінаў» падае гэты раман як «кнігу для сваіх». Канечне, у вялікай ступені —гэта гісторыі людзей, з якімі даводзіцца сутыкацца ў Фэйсбуку і на старонках незалежных выданнняў, але «Шклатара» ўсё ж нашмат глыбейшая, чым проста кніга для «тусоўкі».

Клінаў напісаў добры постмадэрнісцкі раман. Тут ёсць усе яго прыкметы: шматслойнасць, цытатнасць, самаіронія, перапляценне рэальнага і нерэальнага. «Шклатара» атрымалася абсалютна чытэльнай. Відаць, будзе сярод галоўных прэтэндэнтаў на прэмію Гедройца.

Раман дзеліцца не дзве часткі, якія часам дзівосным чынам аб’ядноўваюцца. У першай — падзеі канца 2010 года. Выбары, Плошча. Напрыклад, Клінаў выдатна абыграў, на мой погляд, ці не самы сюррэалістычны момант 19 снежня, калі драматург Наталля Каляда гукала з помніка Леніну: «Галівуд з намі!» Ці кітайскія пухавікі валошынскіх (някляеўскіх) збіральнікаў подпісаў. А жоўты пясочак, якім пасыпаюць дарогу перад картэжам Імператара, наўрад ці лукашэнкаўцы даруюць гэта Клінаву.

Яшчэ ў кнізе ёсць сэкс (праўда, без асаблівага натуралізму), віно (шмат віна!) і кіно (аповед аб тым, як здымаўся першы «бульба­хорар» «Масакра»). Галоўны герой разрываецца між дзвюма істэрычнымі жанчынамі. Віктар Марціновіч выказаў думку, што чытаць разборкі галоўнага героя з яго былой жонкай занудна. Але, з іншага боку, чытач любіць адхіленні ад нормы літаратурных персанажаў, так яму лягчэй лічыць нармальным сябе.

Калі раман аўтабіяграфічны (як казаў сам Клінаў), то баюся, што абедзве жанчыны не пагла­дзяць аўтара па галоўцы.

Аўтар не называе герояў сапраўднымі імёнамі і прозвішчамі, але яны лёгка пазнаюцца: выдавец Сцёпін (Ігар Логвінаў), рэжысёр Канаваленка (Андрэй Кудзіненка), кандыдат Макарэвіч (Алесь Міхалевіч), газета «Наша Гета» (думаю, самі здагадаецеся) і г.д.

Прызнаюся, кніга пакідае пачуццё дэкадансу і аўтарскага расчаравання. Хаця ён і імкнецца пакрыху выціснуць яго з сябе. Праўда, не зусім атрымалася зрабіць гэта.

У аснову другой часткі лёг сцэнар фільма «Шляхціч Завальня», які так і не зацвердзіла рада пры Міністэрстве культуры. Падзеі разгортваюцца зімой 1881 года. Галоўны герой — збяднелы шляхціч Ян Завальня — вяртаецца з Пецярбурга на Радзіму. І сустракае незнаёмы дагэтуль містычны край — з д’яблавымі восамі, вядзьмаркамі, ваўкалакамі і чалавекам­карпам. Гэткі мікс з Караткевіча, Баршчэўскага, «Масакры», беларускіх казак і паданняў і шмат чаго яшчэ.

Як аказалася, усе гэтыя містычныя істоты нейкім чынам удзельнічаюць у барацьбе за свабоду краіны. Пачвары накіроўваюць Яна… Куды? Даведаецеся ў кнізе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?