На сайце NN.BY публікаваўся артыкул Дзяніса Марціновіча «Пяць прычын, па якіх беларускі выбіраюць абцасы». Цікава было даведацца меркаванне мужчыны пра гэта! Але ж самі жанчыны дакладней адкажуць, чаму яны абіраюць абцасы.
Міф першы. Прыгажосць: «назіранне за дзяўчынай на абцасах… — эстэтычная асалода для любога хлопца».
Папершае, не для любога. Далёка не ўсе мужчыны «вядуцца» на гламурных прыгажунь. Ёсць хлопцы, якія хочуць бачыць у сваёй дзяўчыне партнёрку (па паходах, па жыцці), а не лялечку на абцасах, якая пасля паўгадзіны хадзьбы кажа, што стамілася.
Апранаюцца жанчыны… для іншых жанчын! Ну, ці для сябе любімых.
А псіхолагі кажуць: першае, на што звяртаюць увагу хлапцы, пабачыўшы дзяўчыну, — гэта яе вочы.
Міф другі. Вертыкальныя лініі: «Абцасы аптычна павялічваюць рост гаспадыні».
Іван Ефрэмаў у сваім творы «Лязо» апісваў у эвалюцыйным ключы ідэал жаночай прыгажосці. Доўгія ногі ў такой тэорыі выдавалі ў жанчыне добрую бягунню, адпаведна, павялічвалі верагоднасць выжывання яе самой і яе дзяцей. Але спытайце любую жанчыну, ці жадала б яна быць вышэйшай за свайго мужчыну?
Міф трэці. Традыцыя: «Малыя дзяўчаткі бачаць, што на абцасах ходзяць іх старэйшыя сёстры, мамы..»
Вось гэта праўдзівая і асноўная, на мой погляд, прычына, чаму беларускія жанчыны абіраюць абцасы.
Міф чацверты. Савецкая традыцыя.
З гэтым можна паспрачацца. Узоры «сэксуальнага» адзення савецкія жанчыны маглі пабачыць хіба што ў рарытэтным часопісе «Бурда».
Міф пяты: няроўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі: «Выбіраючы абцасы, жанчыны міжволі прымушаюць мужчын ісці на саступкі».
Тут культывуецца думка, што мужчынам не падабаюцца разумныя жанчыны. Далей спадар Марціновіч прыводзіць у прыклад студэнтак, якія, нічога не ведаючы, апранаюцца на экзамен, як перад выхадам на стрыпсцэну.
Жанчыны абіраюць абцасы, каб быць прыгожымі. Ідэалы прыгажосці закладаюцца асяроддзем і СМІ, з часам мяняюцца.
Цікава, што ў Старажытным Егіпце абцасы насілі і мужчыны, і жанчыны. У Еўропу абцасы трапілі з Персіі ў ХVІ стагоддзі і спачатку былі элементам мужчынскага строю…