Занепакоенасць негатыўнымі тэндэнцыямі ў прамысловасці кіраўнік дзяржавы выказаў сёння на нарадзе па праблемах развіцця прамысловага комплексу.

«Сённяшняя нарада абумоўлена вашымі абяцаннямі, што ў галоўным пытанні — экспарту нашай прадукцыі — вы пойдзеце сямімільнымі крокамі. І, як запэўніў мяне прэм'ер-міністр, сённяшняя гутарка будзе толькі на пазітыўнай ноце, маецца на ўвазе рэалізацыя прадукцыі». 

Аляксандр Лукашэнка ўказаў на такія праблемы, як рост знешняй дэбіторскай завінавачанасці, зніжэнне экспартных паставак, дрэнны фінансавы стан прамысловых прадпрыемстваў. 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў чэрвені мінулага года на нарадзе па праблемных пытаннях прамысловасці і рэалізацыі беларускай прадукцыі былі дадзеныя пэўныя даручэнні і персанальныя заданні адказным асобам. За кожным з чыноўнікаў былі замацаваныя прадпрыемствы, якія адчуваюць складанасці з рэалізацыяй гатовай прадукцыі. 

«Тады мы дамовіліся, што да пачатку бягучага года будуць дасягнутыя адчувальныя вынікі не толькі ў разгрузцы сабраных запасаў, але і, падкрэсліваю, у паступленні грошай за пастаўленую прадукцыю на рахункі прадпрыемстваў», — адзначыў Лукашэнка. 

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у пачатку верасня пры наведванні «Мотавела» яму былі прадстаўленыя пэўныя графікі з выразнымі абавязацельствамі па тэмпах вытворчасці і зніжэнні аб'ёмаў запасаў прадукцыі. 

Мэта сённяшняй сустрэчы — прааналізаваць, як выконваюцца даручэнні, а таксама прынятыя прысутнымі абавязацельствы і абяцанні, падкрэсліў Лукашэнка. 

«Урад інфармуе, што сітуацыя з запасамі прадукцыі стала паляпшацца, нібы наступіў пералом», — сказаў ён.

Аднак, дадаў ён, статыстыка сведчыць, што аб'ём прамысловай вытворчасці знізіўся амаль на 5%, вырасла знешняя дэбіторская завінавачанасць, назапашваюцца даўгі за вырабленую і неаплачаную прадукцыю — у цэлым па прамысловасці яны дасягнулі 118 трлн. рублёў, што складае больш за два сярэднямесячныя аб'ёмы вытворчасці. 

«Які ж гэта пералом, калі грошы на рахункі прадпрыемстваў не паступаюць? Прычым разрыў паміж знешняй крэдыторскай і дэбіторскай завінавачанасцю расце, і мы па-ранейшаму крэдытуем замежных партнёраў. А недахоп сродкаў на бягучую дзейнасць забіраем з нашай банкаўскай сістэмы і потым енчым, што ў нас дарагія крэдыты», — сказаў Лукашэнка. 

Больш за ўсё яго трывожыць зніжэнне экспартных паставак, адсутнасць выніку ў пашырэнні іх геаграфіі. «У аснове гэтага ляжаць нежаданне і няўменне гандляваць», — лічыць Лукашэнка. 

«Я неаднаразова падкрэсліваў, што ўрад павінен быць вялікім міністэрствам гандлю. У цяперашніх умовах гэта асабліва актуальна, чым і было прадыктавана маё даручэнне пэўным службовым асобам. Пры вызначэнні гэтай задачы я задаў пытанне: што трэба з майго боку для вырашэння праблем? Па ўсіх пастаўленых урадам пытаннях я неадкладна прыняў рашэнні», — заявіў Лукашэнка. 

Ён, у прыватнасці, нагадаў пра ўказ аб дзяржпадтрымцы крэдытавання замежнымі банкамі замежных пакупнікоў беларускай прадукцыі. Для стымулявання экспартных паставак Банк развіцця быў надзелены функцыямі па падтрымцы экспарту і яму быў перададзены беларускі «Прамагралізінг». 

«Каб пашырыць нашы пастаўкі за мяжу (у Кітай, Венесуэлу, Эквадор, іншыя краіны) мне прыйшлося аб'ездзіць і прыняць у сябе ў Мінску, як кажуць, увесь свет.

Сустракацца як з кіраўніцтвам, так і дзелавымі коламі многіх дзяржаў, тым самым ствараючы спрыяльныя ўмовы для паспяховай працы ў розных рэгіёнах планеты. Павінен сказаць, што адмовы пастаўкам нашай прадукцыі я нідзе не заўважыў. Нават інтарэс, зацікаўленасць», — сказаў Лукашэнка. 

«Зразумела, што мы залежым ад знешніх рынкаў. Наша эканоміка экспартна арыентаваная, жывём з таго, што зробім і прададзім. Таму на нас уплываюць ваганні цэн на рэсурсы і, вядома, попыту на гатовую прадукцыю. Аднак, улічваючы, што аб'ём беларускай экспартнай прадукцыі па сусветных маштабах нязначны, то яго пры належнай паваротлівасці і прадпрымальнасці можна і трэба не скарачаць, а нарошчваць. Шукаць і знаходзіць новыя нішы, прабівацца на новыя рынкі. Галоўнае — варушыцца, а не сядзець на месцы. Але дзе вынікі працы? Прама скажу — належнай аддачы дагэтуль не бачна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён таксама звярнуў увагу на фінансавы стан прамысловых прадпрыемстваў. Паводле яго слоў, чысты даход скараціўся амаль у два разы, лік стратных прадпрыемстваў павялічыўся ў 1,8 разу і склаў больш як 17%, сумарныя чыстыя страты выраслі ў 2,6 разу да 4,5 трлн. рублёў. Захоўваюцца і значныя звышнарматыўныя рэшткі гатовай прадукцыі на складах. Пры гэтым на шэрагу валаўтваральных прадпрыемстваў яны фактычна не зніжаюцца. 

«Усё гэта гаворыць аб тым, што абавязацельствы і даручэнні належным чынам не выконваюцца. Я хацеў бы сёння дакладна высветліць, кім і чаму яны зрываюцца», — заявіў Лукашэнка. 

Паводле яго слоў, сёння будуць усебакова і глыбока прааналізаваныя вынікі ўжо праведзенай працы, каб задаць належны тэмп на цяперашні год. «Што датычыцца рашэння, я думаю, яно ў выніку сённяшняй нарады будзе прынята», — дадаў Лукашэнка. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0