Ва ўяўленні грамадства і ўлады танец у Беларусі мае толькі дзве легальныя праявы:

класічны балет (пастаноўкі ідуць на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета) і народныя танцы (выступленні ансамбля «Харошкі»).

Усё, што не падыходзіць пад гэтыя катэгорыі, лічыцца нявартым увагі публікі.

Калі ў Мінску з’явілася ідэя правесці форум сучаснай харэаграфіі, арганізатары папрасілі дапамогі ў Міністэрства культуры. Але там адказалі, што ў Віцебску ўжо існуе падобны фестываль. А другі – непатрэбны. Таму першы Адкрыты форум пластычных тэатраў «ПлаSтформа Мінск» ладзіўся ў 2013 годзе выключна з незалежнай ініцыятывы.

Другую «ПлаSтформу» падтрымаў Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «Арт Карпарэйшн», які займаецца правядзеннем кінафестывалю «Лістапад» і тэатральнага форуму «ТЕАRТ». Дзякуючы Інстытуту польскаму, замежжа будзе прадстаўлена тэатрам «Teatr Formy» з Уроцлава. Але

аснову праграмы складуць найлепшыя пастаноўкі беларусаў, у тым ліку «ІнЖэста», самага славутага айчыннага калектыву. Прычым большасць з іх – прэм’еры. Дарэчы, прадстаўленне «Мёртвыя ды жывыя фігуркі» паказваецца па-беларуску.

У чым каштоўнасць такога форуму? Ён знаёміць гледачоў з сучаснай харэаграфіяй і далучае да сучаснага мастацтва.

Адкрывае перад беларусамі Еўропу.

Нездарма спектаклі, уключаныя ў афішу першай «ПлаSтформы», пазней былі паказаны ў польскім Любліне.

Паколькі палітыка ў сферы культуры традыцыйная і кансерватыўная, форум фарміруе грамадскае ўяўленне.

Пасля «ПлаSтформы» сучасны танец нельга будзе ігнараваць.

Нарэшце,

«ПлаSтформа» можа стаць платформай для аб’яднання незалежных тэатральных дзеячоў, якія знаходзяцца ў апазіцыі да дзяржаўных тэатраў.

11 – 14 лютага спектаклі будуць паказвацца ў ДК Чыгуначнікаў (вул. Чкалава, 7), 15 – 16 лютага -– у Маладзёжным тэатры эстрады (вул. Маскоўская, 18а). Пачатак усіх спектакляў а 19-й. Квіткі можна набыць у касах ДК і тэатра эстрады, а таксама на сайце www.kvitki.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?