Тэму эфектыўнасці эканомікі, як у цэлым, так і кожнага, занятага ў ёй, закрануў прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 5 лютага, уручаючы па даручэнні прэзідэнта дзяржузнагароды заслужаным людзям Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўрада.

«З няпоўных 10 млн. (насельніцтва краіны) у сферы матэрыяльнай вытворчасці сёння працуюць крыху больш за 2,5 млн., крыху больш за 2 млн. грамадзян занятыя ў сацыяльнай сферы, каля 2,5 млн. — гэта пенсіянеры і прыкладна столькі ж — навучэнцы і моладзь. Такім чынам, нам даводзіцца лічыць кожную капейку. Галоўнае, каб бюджэтныя сродкі эфектыўна выкарыстоўваліся. На кожным працоўным месцы, у кожнай арганізацыі мы павінны вельмі ашчадна траціць усе сродкі, — падкрэсліў Мясніковіч. — Не мае значэння, гэта сродкі бюджэту ці гаспадарчага суб`екта — гэта нашы беларускія сродкі, наша багацце».

Звярнуў увагу прэм`ер-міністр і на фарміраванне заработнай платы. Пазіцыя ўрада заключаецца ў тым, што заработная плата павінна быць зароблена.

«Мы ніколі не ставім задачу дасягнуць нейкага канкрэтнага паказчыка ўзроўню заработнай платы — трэба глядзець на яе пакупніцкую здольнасць. А калі паглядзець на парытэтнасць (гэта значыць колькі за нашу зарплату можна купіць тавараў і паслуг), то атрымліваецца, што мы жывем зусім не горш, чым у Расійскай Федэрацыі, нават крыху лепш, чым ва Украіне. Для краін Усходняй Еўропы мы маем сярэдні паказчык».

У спісе ўзнагароджаных 67 чалавек. Гэта работнікі прамысловага комплексу, аховы здароўя, мытных органаў, адукацыі, навукі і культуры. Яны ўдастоены ўзнагарод за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і высокае прафесійнае майстэрства, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у сферы машынабудавання і лёгкай прамысловасці, удасканаленне падатковай сістэмы і рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, вялікі асабісты ўнёсак у развіццё сродкаў сувязі, сферы адукацыі, культуры, мастацтва і спорту.

Нягледзячы на тое што сярод узнагароджаных сёння прадстаўнікі розных сфер эканомікі, іх праца, паводле слоў прэм`ер-міністра, аднолькава важная, бо ўсе яны працуюць на карысць агульнай справы. «Наша нацыя моцная тады, калі яна аб`яднаная. І ў нас гэта атрымліваецца», — канстатаваў Мясніковіч. Ён таксама дадаў: «Мы і далей, выконваючы волю кіраўніка дзяржавы, урада, будзем рабіць усё для таго, каб падтрымаць і тых, хто працуе ў сферы матэрыяльнай вытворчасці, і тых, хто заняты творчасцю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?