Сітуацыя з пастаўкамі ў Расію малочнай прадукцыі з Беларусі абмяркоўвалася 6 лютага ў расійскім урадзе на селектарнай нарадзе па развіцці сельскай гаспадаркі. 

А. Дружынін, ria.ru

А. Дружынін, ria.ru

Віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч прапанаваў ініцыяваць антыдэмпінгавае расследаванне на рынку малочнай прадукцыі ў дачыненні да краін Еўропы і Беларусі. 

«Мы павінны будзем у хуткім часе ў дачыненні да малочнай прадукцыі ініцыяваць антыдэмпінгавае расследаванне ў дачыненні, перш за ўсё, да еўрапейскіх краін: субсідыі там звышвысокія, і гэта ўжо наносіць урон нашай галіне. Але праблемы і з Беларуссю». 

Кіраўнік урада Дзмітрый Мядзведзеў у адказ заявіў, што Расіі «трэба навучыцца карыстацца ўсім гэтым арсеналам». «Трэба актыўную пазіцыю займаць.

Што да Беларусі, сітуацыя павінна быць празрыстая і сіметрычная, таму што ў нас з імі практычна агульны рынак, адзіная мытная прастора, але калі сюды прыходзяць беларускія вытворцы, то і мы павінны мець магчымасць туды прыходзіць», — сказаў Мядзведзеў. 

Як паведамлялася раней, Аркадзь Дварковіч, выступаючы 5 лютага на з'ездзе Нацыянальнага саюза вытворцаў малака ў Маскве, заявіў, што Расія можа ўвесці пэўныя меры ў дачыненні да беларускай малочнай прадукцыі для абароны рынку ад нядобрасумленнай канкурэнцыі. Пры гэтым ён зазначыў: меры будуць скіраваныя або наўпрост на малочную прадукцыю, або па іншых кірунках супрацоўніцтва. 

Варта зазначыць, што мінулай восенню Расспажыўнагляд і Рассельгаснагляд заяўлялі аб прэтэнзіях да якасці беларускай малочнай прадукцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?